«Заяўка не адпавядае заканадаўству»: Юрась Губарэвіч не зможа правесці пікет з удзелам «0 чалавек»

Прыйшоў адказ на заяўку старшыні Руху «За Свабоду» Юрася Губарэвіча з просьбай дазволіць пікет на лоджыі ўласнай кватэры без удзелу людзей, але але з бел-чырвона-белым сцягам.

4ae4818d_454d_4f3e_b51c_5c4c6ae5f3aa_w1200_r1.jpg


У адказе за подпісам намесніка старшыні Мінгарвыканкама Цурана паведамляецца, якімі законамі і пастановамі рэгулюецца правядзенне масавых мерапрыемстваў у Беларусі. А потым дадаецца, што «пададзеная Вамі заяўка не адпавядае патрабаванням Закона Рэспублікі Беларусь “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь”».

У чым і чаму яна не адпавядае заканадаўству, у Мінгарвыканкаме не патлумачылі.

Фота з Фэйсбук-старонкі Руху "За Свабоду"

Фота з Фэйсбук-старонкі Руху "За Свабоду"


«Здзіўляцца тут няма чаму. Сама сітуацыя — абсурдная. Дэманстрацыя нацыянальнай сімволікі, вывешанай ўнутры прыватных памяшканняў па вызначэнні не можа быць масавым мерапрыемствам. Лепш бы яны гэтую простую ісціну давялі да супрацоўнікаў МУС, якія займаюцца складаннем пратаколаў па артыкуле 23.34», — адрэагаваў на адказ Губарэвіч.

Нагадаем, мінская міліцыя прыраўняла вывешаны нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг да несанкцыянаванага пікета, і ўжо прыцягнула да адказнасці некалькі чалавек па сумна знакамітым артыкуле 23.34. Гэта і змусіла Губарэвіча падаць заяўку на пікет на ўласным балконе з колькасцю удзельнікаў 0 чалавек.