Жанна Літвіна: «Я хачу своечасова, годна, сумленна пакінуць пасаду»

24 красавіка адбудзецца чарговы, ІХ з'езд Беларускай асацыяцыі журналістаў. Больш за восемдзесят дэлегатаў возьмуць удзел у з'ездзе, абяруць новае кіраўніцтва, абмяркуюць сучасны стан беларускай журналістыкі і зацвердзяць стратэгію працы на бліжэйшыя тры гады.



ed170c10_98b2_4851_9f6e_d00d0ed4b7f7_w640_r1_s.jpg

А ў верасні 2015 году грамадскае аб’яднанне БАЖ адзначыць сваё 20-годдзе. Нязменны лідэр БАЖа, лаўрэат шматлікіх міжнародных прэміяў Жанна Літвіна напярэдадні з'езду дала эксклюзіўнае інтэрв'ю "Радыё Свабода".

— Галоўная інтрыга з'езду — ваша ўжо анансаваная ў вузкіх колах адмова ад пасады старшыні. Што гэта — стомленасць ці бачанне новых лідараў?

— Відаць, усяго патрошку. Гэта вельмі складанае для мяне пытанне. Але перш за ўсё гэта пачуццё ўласнай годнасці. Кожны чалавек павінен клапаціцца аб павазе да сябе і своечасова, годна, сумленна пакінуць пасаду. Проста ўсвядоміць, што ўзрост бярэ сваё, што энэргетыка шмат у чым вычарпана. Так, застаецца досвед, мудрасць, але аднойчы надыходзіць час, калі трэба такія пасады саступаць людзям маладзейшым, перадаваць справу ў добрыя рукі.

Я неверагодна ўдзячная БАЖу, які з мяне зрабіў асобу, упрыгожыў мой асабісты лёс, гэта частка майго жыцця абсалютна неад’емная. Я неверагодна ўдзячная людзям, якія працавалі ўсе гэтыя гады побач са мной. Але так атрымалася, што сяброў маладосці, той часткі жыцця, якая была да БАЖа, неяк я пакрысе разгубіла. Сёння лад жыцця, сябры мае — гэта ўсё БАЖ. Таму нізкі паклон і падзяка гэтым людзям. А трагедыі ніякай не адбылося. Я застаюся ў арганізацыі. Калі спатрэблюся са сваімі ведамі, досведам, абавязкова дапамагу.

І яшчэ адзін момант: ёсць такая характэрная асаблівасць нашай краіны, што яе называюць «краінай незмяняльнай улады». Дык хоць у грамадзянскай супольнасці, хоць на ўзроўні грамадскіх арганізацыяў павінны з'явіцца людзі, якія разумеюць, што аднойчы надыходзіць час, і трэба проста пакідаць пасаду. І мне вельмі хочацца, каб разам з маім сыходам з пасады сышлі ў гісторыю і самыя драматычныя старонкі гісторыі БАЖа, звязаныя і з крымінальнымі пераследамі, і з забойствамі — я маю на ўвазе трагедыі сябраў БАЖ Веранікі Чаркасавай, Змітра Завадскага... Каб гэта ўсё сышло ў гісторыю. І пачалася эра росквіту незалежнай журналістыкі, прафесійнай трываласці.

— Але я, ведаючы ваш няўрымслівы характар, ня веру, што вы будзеце адпачываць, капаючыся ў градках на лецішчы ў Раўкуцевічах. Чым будзеце займацца?

— Ёсць адзін няздзейснены абавязак. БАЖу 20 гадоў, і за гэты час колькі было закрытых выданняў, зорных выданняў, колькі людзей сышло ў іншы свет... І гэта ўсё не сабрана ў адно цэлае, яно раскіданае. У мяне самой такія багатыя архівы неразабраныя. Павыцягваць бы ўсё гэта, сістэматызаваць. Мару стварыць хоць віртуальны музей. Я не збіраюся сядзець у гародзе. Вядома, спачатку мару пра адпачынак, хаця б на пару тыдняў. А пасля праца заўсёды з'явіцца.

— Але гэта не мемуары?

— Не, я не прыхільніца мемуараў...

— Я прагледзела пастанову мінулага, VIII з'езду БАЖ, які адбыўся 3 гады таму. Акрэсленыя там праблемы дагэтуль застаюцца актуальнымі: рэпрэсіўнае заканадаўства аб СМІ, пераслед фрылансераў, манапалізацыя дзяржавай СМІ і іх распаўсюду... А ў чымсьці ўдалося дамовіцца з дзяржавай? Ці ёсць, ці была нейкая супраца?

— На жаль, гэта сапраўды наша рэчаіснасць — хранічныя сістэмныя невырашальныя праблемы. Я думаю, карані гэтых праблем усё адно ў першую чаргу ў тым, якое месца, ролю ўлады адводзяць СМІ ў нашай краіне. І іхнае бачанне: СМІ — гэта не чацвёртая ўлада, гэта партнёр улады. Дзяржаўныя СМІ павінны забяспечваць правядзенне дзяржаўнай ідэалогіі, тыя задачы, якія сфармуляваныя. Я думаю, такая пазіцыя ўлады прынцыпова перашкаджае рэфармаванню медыясферы. Але маё глыбокае перакананне, што гэта непазбежныя працэсы, яны ўсё роўна будуць адбывацца. І ў гэтым, відаць, выключная роля журналісцкай супольнасці, недзяржаўнага сектару. І менавіта гэтая супольнасць павінна ўзяць на сябе ролю правадніка ідэяў пераменаў, рэфармавання медыясферы, яна павінна стаць узорам па прасоўванні стандартаў журналістыкі для ўсёй журналісцкай супольнасці незалежна ад таго, дзе працуюць нашы калегі: у дзяржаўных альбо ў незалежных СМІ.

А самая галоўная заваёва за гэтыя 3 гады — можна публічна не рэагаваць на тое, што робіць БАЖ, але не заўважаць яго нельга. У БАЖа за гэтыя гады назапасіўся, мне падаецца, вельмі прафесійны патэнцыял юрыдычных экспертаў, і тыя экспертызы, якія мы робім па заканадаўстве, тыя дакументы, якія рыхтуюцца экспертнай супольнасцю юрыстаў, — яны свайго роду арыенцір, у які бок трэба рухацца.

За апошнія 3 гады я лічу вельмі паспяховай кампанію, якая мае назву «За фрыланс». Таму што адна з вельмі сур’ёзных праблемаў фрылансераў у нашай краіне — што яны па-за законам. І менавіта яны робяцца лёгкай здабычай для прадстаўнікоў сілавых структураў падчас дэманстрацый і мітынгаў. І наагул яны на сённяшні дзень не абароненыя, іх можна затрымліваць, арыштоўваць, цягнуць у суды, штрафаваць. Прычым юрысты пастаянна адзначаюць парадокс — прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці паводле артыкула 22.9 КаАП: незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ. У нас абсалютна ўражальныя лічбы: калі ў мінулым годзе з красавіка было прыцягнута да адказнасці 14 нашых калегаў і агульная сума штрафаў склала 52 мільёны рублёў, то ўжо з пачатку гэтага году 10 журналістаў прыцягнута да адказнасці і сума штрафаў дасягнула 50 мільёнаў.

mПрычым штрафуюць не за вострыя палітычныя матэрыялы, а за асветніцкія, культурніцкія — пра слуцкія паясы, напрыклад. Ідзе проста паляванне, адсочванне імёнаў, матэрыялаў, якія размяшчаюцца на сайтах замежных СМІ.

Я таксама цешуся, што наша праблема фрылансераў выйшла па-за межы асобна ўзятай краіны — дзякуючы нашаму ўступленню ў Еўрапейскую федэрацыю журналістаў. Гэта нам дазволіла далучыцца да агульнаеўрапейскай кампаніі ў падтрымку фрылансераў. Ну, і апошнія крокі, якія робіць Еўрапейская федэрацыя — гэта звароты да кіраўніка Міністэрства інфармацыі, гэта настойлівыя — з усіх еўрапейскіх краінаў — заклікі распачаць дыялог па легалізацыі працы фрылансераў. Я лічу, што ўсё адно кропля камень точыць, і вельмі спадзяюся, што ў гэтым кірунку будуць зрухі. Тым больш вядомыя, зразумелыя для нас шляхі — як гэтую праблему вырашыць: маленечкая змена ў Закон аб СМІ, дзе была б паўнавартасная фармулёўка, што такое наша прафесія, што такое журналіст. Не журналіст СМІ, як сёння вузка запісана, а проста журналіст, якому гарантавана Канстытуцыяй права збіраць, распаўсюджваць інфармацыю.

— БАЖу сёлета споўніцца 20 гадоў. На міжнародным узроўні, на абсягах СНД гэта аўтарытэтная арганізацыя. А як дзяржава да вас ставіцца, як ставіцца афіцыйны Саюз журналістаў? Ці супрацоўнічаеце вы з ім?

— 20 гадоў — гэта сапраўды ў нашых умовах вельмі значная дата. Я яшчэ жартую, што калі прыняць, што год за тры ідзе, можна лічыць, што ўжо 60-годдзе на падыходзе. Гэта гады выпрабаванняў, адстойвання нашых прафесійных правоў.

І на працягу ўсяго існавання БАЖа, можа, не вельмі настойліва, але рабіліся спробы знайсці паразуменне з нашымі калегамі з Саюзу журналістаў. Апошнія 4 гады сумесная са Шведскім інстытутам павышэння кваліфікацыі FOJO праграма тычыцца выключна пытанняў прафесійнай этыкі. У нас, на жаль, рознае разуменне прызначэння нашай прафесіі, ролі, месца яе ў грамадстве. Таму супрацоўніцтва даволі складана ажыццяўляецца. Але, дзякуй Богу, усё адно ёсць магчымасць сесці за стол перамоваў.

Дарэчы, за гэты круглы стол па абмеркаванні пытанняў прафесійнай этыкі сядаюць сябры камісіяў абедзвюх арганізацыяў і спрабуюць нейкім чынам дамовіцца хаця б вакол некалькіх прынцыпаў, стандартаў нашай прафесіі. На жаль, марудна гэты працэс ідзе. На сённяшні дзень не ўдалося ніводнага разу паставіць подпісы дзвюм арганізацыям пад нейкімі экспертызамі заканадаўства альбо пад зваротамі да ўладаў. Я не прыгадаю таксама нейкіх публікацыяў сваіх калегаў у абарону тых жа фрылансераў. Альбо была гучная справа, калі фотаальбом «Прэс-фота 2011» быў прызнаны экстрэмісцкім. Нават у такіх абсурдных сітуацыях нашы калегі па-ранейшаму не працягваюць руку салідарнасці, падтрымкі.

Ну, відаць, не надышоў яшчэ час. Самае галоўнае — гэта ўсведамленне, што мы робім тое, што абавязаныя рабіць. Вядома, былі б вельмі рады, калі б наш голас стаў яшчэ больш гучным. А калі не атрымліваецца — застаецца толькі стаяць на сваіх пазіцыях, на сваіх прынцыпах.

— А як у вас складаюцца адносіны з Міністэрствам інфармацыі?

— Апошнім часам трывожыць тое, што нават не дэманструецца ніякіх крокаў па выкананні рэкамендацыяў афіцыйнага прадстаўніка па пытаннях свабоды слова АБСЭ Дуні Міятавіч. Ва ўсіх рэкамендацыях, ва ўсіх парадах, якія давала гэтая еўрапейская структура, заўсёды прысутнічалі і падкрэсліваліся завышаныя паўнамоцтвы Міністэрства інфармацыі ў дзяржаўным рэгуляванні медыясфэры. Вельмі трывожаць і апошнія папраўкі ў Закон аб СМІ, якія былі падмацаваныя Палажэннем, прынятым Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі сумесна з Апэратыўна-аналітычным цэнтрам пры Адміністрацыі прэзідэнта. Я маю на ўвазе магчымасць па-за судовай сістэмай блакаваць інтэрнэт-рэсурсы. І тыя тэсты, якія былі праведзеныя ў снежні, сведчаць, што праблема гэтая вельмі сур’ёзная.

Яшчэ, дарэчы, мы вельмі занепакоеныя праблемай доступу да інфармацыі. Яна тычыцца ня толькі незалежных журналістаў, сябраў БАЖа, але і вельмі хвалюе нашых калегаў, якія працуюць у дзяржаўных СМІ. Мы стварылі рэйтынг закрытасці і адкрытасці дзяржаўных ведамстваў, міністэрстваў. На жаль, Міністэрства інфармацыі па гэтых рэйтынгах самае закрытае.

З'езду будзе прапанавала пачаць кампанію, якая будзе насіць назву «За права на інфармацыю». Ёсць законы, ёсць Канстытуцыя, і нашы чыноўнікі абавязаныя выконваць гэтыя нормы, звязаныя з прадстаўленнем інфармацыі. Я разумею, што ім вельмі зручна спасылацца на Закон аб дзяржаўнай таямніцы, Закон аб дзяржаўнай службе. Усё гэта дае ім права адмаўляць у прадстаўленні інфармацыі, хавацца за ідэолагаў. Гэта ненармальна. У першую чаргу, парушаюцца правы нашых грамадзянаў на інфармацыю. Усё роўна гэта ня можа доўжыцца бясконца. Я веру, што і чыноўнікі нашы, і сілавыя структуры хутка будуць вымушаныя паважаць нашу прафесію.

— БАЖ — арганізацыя, якая абараняе журналістаў, фрылансераў, якая павінна дапамагаць рэдакцыям у вырашэнні пэўных праблемаў. Ці можа БАЖ умешвацца ў вырашэнне канфліктаў у рэдакцыях незалежных выданняў? У звязку з гэтым пытаннем — як вы ацэньваеце сітуацыю ў тыднёвіку «Белорусы и рынок»?

— Каб ацаніць гэтую сітуацыю, не абысціся без перадгісторыі. Роўна 3 гады таму на з'ездзе БАЖ рэдакцыя «Белорусы и рынок» адзначалася як лідэр у інфармацыйнай прасторы краіны. Некалькі гадоў таму мы пачалі гаварыць пра неабходнасць стварэння рэдакцыйных палітык, падпісання калектыўных дамоваў, стварэння дакументаў на падставе Працоўнага кодэксу, каб рэгуляваць адносіны ўнутры калектываў. Тады мы ўжо разумелі, што БАЖ павінен спрыяць стварэнню ня проста бізнес-планаў, а антыкрызісных планаў для рэдакцыйных калектываў, таму што тая палітыка эканамічнай дыскрымінацыі, якая ажыццяўляецца ў дачыненні да недзяржаўных СМІ, не дазваляе адчуваць сябе ўпэўнена і ўстойліва ў самой рэдакцыі.

У дадзенай сітуацыі канфлікт пачаўся са змены ўласнікаў і прызначэння новага кіраўніка рэдакцыі. Па шчырасці, я ніколі не сутыкалася з такога кшталту канфліктамі. Мяне засмучае, у першую чаргу, адсутнасць павагі да калектыву рэдакцыі. Зразумела, там не атрымліваецца бізнес-праект. Але сама рэдакцыя — гэта журналісцкі праект. Я ня ведаю іншага выдання ў краіне, у якім быў бы такі моцны экспэртны, аналітычны патэнцыял. І гэтыя людзі заслугоўваюць павагі.

БАЖам была зладжаная сустрэча і з новым уласнікам, акцыянерамі, і з новым прызначаным галоўным рэдактарам, і з калектывам тыднёвіка. БАЖ паспрабаваў узяць на сябе функцыю медыятара. Падчас сустрэчы прапаноўвалася спрыянне ў стварэнні камісіі па працоўных канфліктах, камісіі па выпрацоўцы рэдакцыйнай палітыкі. З боку самога калектыву прагучала адна з прапановаў, якая б, відаць, спыніла канфлікт: гэта раздзяленне паўнамоцтваў. Ёсць дырэктар, які павінен займацца гаспадарчымі справамі, прасоўваннем рэкламы, распаўсюдам выдання. А ёсць кантэнт, які павінны фармаваць у рэдакцыі ня ўласнікі, не гаспадары, не акцыянеры, а павінны ствараць самі журналісты. Вось гэтыя правілы парушаныя, і канфлікт абвастрыўся.

На жаль, падчас сустрэчы і новыя ўласнікі, акцыянеры, і дырэктар прадэманстравалі сваю негатовасць шукаць кампрамісу. І скончылася гэта тым, што 26 сакавіка калектыў выказаў недавер новаму кіраўніку, праз некалькі дзён большая частка калектыву падала заявы на звальненне. Я цяпер з трывогай чакаю 4 траўня, калі сканчаецца тэрмін і могуць рэальна пачацца звальненні журналістаў.

Так, на пэўны час брэнд «Белорусы и рынок», магчыма, і застанецца. А журналісты сыдуць. Я лічу, гэта будзе неверагоднай стратай для беларускай журналістыкі. Тым больш — у год прэзідэнцкай выбарчай кампаніі, калі людзям неабходная спецыялізаваная эканамічная інфармацыя, калі мы ніяк ня можам разабрацца і прааналізаваць сітуацыю, выпрацаваць нейкія шляхі, як нам справіцца з той хваляй агрэсіўнай прапаганды, якая звалілася на нашу свядомасць з боку расейскіх СМІ.

То бок настолькі складаная вонкавая сітуацыя — і ставіць задачу пераўтварэння такога выдання ў бізнес... Ну, калі бізнес — то гэта тады не «Белорусы и рынок», а «Белорусы и Комаровский рынок», «Белорусы и Ждановичский рынок». Мы на мяжы, калі можам страціць адно з нешматлікіх прафесійных выданняў. Я неверагодна спачуваю калегам па-чалавечы. Я лічу, што людзі з пачуццём уласнай годнасці заслугоўваюць павагі. І маральная перавага на іх баку.

— Толькі што вы ўзгадалі агрэсіўную расейскую прапаганду. Нават Павал Якубовіч у праграме «Клуб рэдактараў» на БТ публічна абураўся Салаўёвым, Жырыноўскім ды іншымі «зоркамі» расейскіх каналаў. Беларускія дэмакратычныя партыі і рухі патрабуюць забароны расейскіх каналаў. Ці можна неяк супольна з дзяржаўнымі СМІ працаваць у гэтым кірунку?

— Я гэта называю поўным бязмежжам. Проста шакуе гэтая агрэсія. Што з гэтым рабіць? Прапаганду перабіць прапагандай — складана. І я лічу, што толькі прафесійная журналістыка, толькі адмежаванне ад гэтых байцоў інфармацыйных войнаў — вось дзе наш паратунак. То бок, уся прафесійная журналістыка павінна быць інстытутам рэпутацыі. Трэба даваць сваёй аўдыторыі як мага больш праўдзівай інфармацыі.

Нашы назіранні цешаць: найбольш абароненая ад гэтай прапаганды якраз аўдыторыя незалежных СМІ. Незалежная супольнасць павінна зрабіць усё, каб людзі валодалі поўным спектрам праўдзівай інфармацыі.

Трывожыць і не дае спакою паўзучае прасоўванне канцэпту «русского мира». Адзін з апошніх прыкладаў — з'яўленне фэйкавага сайту. Ёсць папулярны, прасунуты рэсурс «Медиа-Полесье», дзе працуюць аўтарытэтныя журналісты. І побач — з'яўленне фэйкавага сайту, дзе ўсё паўтараецца — і дадаецца раздзел «Донбасс», дзе падаецца інфармацыя вельмі несумленная. Альбо інфармацыя пра тое, што ЛДПБ рыхтуецца вырабіць 100 тысяч георгіеўскіх стужак. А сітуацыя з «Начнымі ваўкамі»? Можа, я перабольшваю, але гэта страшэнна насцярожвае. Можа, за «Начнымі ваўкамі» прыйдуць «зялёныя чалавечкі»?

Відаць, самае галоўнае — прышчапіць нашым людзям крытычнае стаўленне да прапаганды, каб наступствам гэтай прапаганды ня стала поўная дэзынфармацыя, дэзарыентацыя беларусаў. Таму місія журналістыкі на сённяшні дзень яшчэ больш узрастае.

www.svaboda.org