Жанна Знакава накіравала скаргу ў суд на спыненне яе справы з-за сканчэння тэрміна
Спявачцы Жанне Бразоўскай, вядомай як Жанна Знакава, прыйшло паведамленне аб спыненні судаводства па адміністрацыйнай справе ў дачыненні да яе па прычыне сканчэння тэрміна на прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці.
Фота з сайта spring96.org
Але Жанна Знакава не згодна з такім рашэнне, бо лічыць, што падставай спынення стала непаваротлівасць супрацоўнікаў Кастрычніцкага РУУС, а не яе невінаватасць. Па гэтым факце Жанна Знакава ўжо накіравала скаргу ў суд Кастрычніцкага раёну, які просіць змяніць падставу для спынення вытворчасці па адміністрацыйнай справе з п. 3 ч. 1 арт. 9.6 ПВКаАП на п. 10 ч. 1 арт 9.6 — недаказанасць удзелу ў здзяйсненні правапарушэння.
Пры гэтым яна звяртае ўвагу суду і на той факт, што супрацоўнікамі Кастрычніцкага РУУС былі парушаны працэсуальныя моманты:
“Я атрымала па пошце толькі паведамленне. Копію пастановы аб спыненні вытворчасці па справе мне не накіроўвалі, як і не растлумачылі ў паведамленні маё права на атрыманне копіі пастановы аб спыненні і не растлумачылі канкрэтны парадак абскарджвання прынятага рашэння”.
Нагадаем, 10 лютага суд Кастрычніцкага раёна палічыў, што пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні па арт. 23.4 у адносінах да Жанны Знакавай і дадзеныя да яго матэрыялы справы не адпавядаюць форме і зместу патрабуемых Працэсуальна-выканаўчым кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях і адправіў матэрыялы справы на дапрацоўку ў Кастрычніцкі РУУС.
15 снежня мінулага году Жанну Знакаву, спынілі на вуліцы незнаёмыя мужчыны ў цывільным, паказалі пасведчанні супрацоўнікаў міліцыі і папрасілі праехаць з імі. Калі Жанна адмовілася — яе з гвалтам і прымяненнем фізічнай сілы закінулі ў аўтамабіль без адпаведных апазнавальных знакаў, усяляк зневажаючы пры гэтым. Затым Бразоўскую даставілі ў Кастрычніцкі РУУС, дзе склалі адміністрацыйны пратакол па артыкуле 23.4 КаАП (Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў).
Неўзабаве Жанна накіравала звароты ў пракуратуру Кастрычніцкага раёна, раённы аддзел Следчага камітэта, ўпраўленне ўласнай бяспекі МУС і Адміністрацыю прэзідэнта. Яна прасіла аб адмене пратаколу, які лічыць незаконным, і скардзілася на дзеянні супрацоўнікаў РУУС, якія пераблыталі яе з іншым чалавекам, нібыта датычным да правапарушэння. Разгляд гэтай адміністратыўнай справы распачаўся 28 студзеня ў судзе Кастрычніцкага раёна г. Мінска.