Затрыманага чэмпіёна свету па ММА Мурада Амрыева экстрадуюць у Расію цягам сутак

Беларускія памежнікі пацвердзілі затрыманне чэмпіёна свету па ММА Мурада Амрыева на беларуска-ўкраінскай мяжы ў пункце «Весялоўка». Затрыманне адбылося 7 чэрвеня, паведаміў парталу tut.by афіцыйны прадстаўнік Памежнага Беларусі Антон Бычкоўскі.

Фота: interflight.ru

Фота: interflight.ru

Па яго словах, Амрыеў ехаў у аўтамабілі «Таёта» з расійскімі нумарамі. «Падчас правядзення памежнага кантролю высветлілася, што Амрыеў знаходзіцца ў міждзяржаўным вышуку па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства па ч. 3 арт. 327 Крымінальнага кодэкса РФ (Выкарыстанне заведама падробленага дакумента)», — распавёў Бычкоўскі.
Пасля затрымання Амрыева перадалі супрацоўнікам Добрушскага РАУС. У самім РАУС журналістам Еўрарадыё адмовіліся каментаваць сітуацыю.
А афіцыйны прадстаўнік УУС Гомельскага аблвыканкама Юрый Пількевіч паведаміў парталу tut.by, што рыхтуюцца дакументы на прымусовую высылку Амрыева ў Расію. «Пасля таго, як усе пытанні будуць вырашаныя і ўзгодненыя, Мурада Амрыева на нулявым кіламетры перададуць супрацоўнікам паліцыі Бранскай вобласці. Экстрадыцыя пройдзе на працягу сутак — сёння ўвечары ці раніцай 9 чэрвеня», — распавёў падрабязнасці Пількевіч.


У Расіі Амрыева шукаюць па абвінавачанні ў выкарыстанні падробленага пашпарту. Па звестках праваабаронцаў, у пашпарце ёсць абдрукоўка, якую зрабілі работнікі пашпартнага стала, калі выдавалі спартоўцу дакумент.
Амрыеў пакінуў Расію ў 2013 годзе, калі яго затрымалі чачэнскія паліцыянты і ўжывалі да яго катаванні. Так яны хацелі дамагчыся, каб з Нямеччыны ў Расію вярнуўся старэйшы брат спартоўца: яго падазраюць у замаху на высокапастаўленага міліцэйскага чыноўніка з Чачні. Амрыеву пагражалі, што ў выпадку невяртання брата абвінавачанне ў замаху выставяць яму. Пасля гэтага Амрыеў уцёк ва Украіну, дзе працягнуў спартовую кар'еру і нават стаў чэмпіёнам свету. 
Паводле euroradio.fm