Затрыманні, вобшукі. Хроніка пераследу 3 кастрычніка
У суботу, 3 кастрычніка, пераслед людзей па палітычных
прычынах у Беларусі працягваўся. Праваабаронцы "Вясны" збіраюць новыя
факты пераследу па ўсёй краіне: затрыманні, вобшукі і іншыя формы ціску.
Раніцай 3 кастрычніка стала вядома, што ў Гомлі затрымалі галоўную рэдактарку сайту "Сильные новости" Ганну Якштас і яе мужа Дзяніса, які таксама працуе ў рэдакцыі, піша "Радыё Свабода". У іхным доме прайшоў ператрус. Як паведаміла маці Дзяніса, з хаты забралі ўсю тэхніку, а Ганну і Дзяніса адвезлі ў РАУС. Сувязі з імі няма. Дома засталіся непаўналетнія дзеці. Пазней міліцыя пацвердзіла факт затрымання Ганны Якштас і яе мужа Дзяніса.
«Яны затрыманыя ў межах адміністрацыйнага працэсу», — паведаміў interfax.by афіцыйны прадстаўнік УУС Гомельскага аблвыканкаму Віталь Прыстромаў.
Таксама ў міліцыі сказалі, што ператрус у доме супрацоўнікаў партала не праводзіўся, але ў іх «канфіскаваная кампутарная тэхніка». Да суда Ганна і Дзяніс Якштасы будуць утрымлівацца ў ІЧУ.
Праваабаронцам "Вясны" таксама стала вядома пра затрыманне ноччу Карыны Канапацкай. Дома быў праведзены вобшук. Пасля гэтага яе забралі ў Савецкі РАУС Мінска, пасля чаго стала вядома, што яе пераводзяць у ІЧУ на Акрэсціна. Па папярэдняй інфармацыі, яна затрыманая ў межах адміністрацыйнай справы па арт. 23.34 КаАП (Парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах).
Як паведаміў у 15:16 "Белсат", у Салігорску затрымалі фотакарэспандэнтку "Новага часу" Ірыну Арахоўскую. Прычыны і падставы затрымання ўдакладняюцца. Каля 18.40 Ірыну Арахоўскую вызвалілі.
Паведамляецца, што на акцыі пратэсту ў Салігорску супрацоўнікі АМАПу затрымліваюць яе ўдзельнікаў. Сярод затрыманых – шахцёр, лідар забастовачнага руху Юрый Корзун. Таксама на маршы затрыманыя сябры стачкома Ніна Тулаева, Аляксей Крыж, былы гулец сборнай Беларусі па валейболу Сяргей Тарас.
У Салігорску таксама была затрыманая журналістка Ксенія Галубовіч і аператар Дзмітрый Дзядок. Праз паўгадзіны пасля затрымання іх вызвалілі.
У Дуброўне да Аксаны Трэбнікавай, сястры Міхаіла Чамуракі, прыйшла міліцыя і праводзіць вобшук дома. На якой падставе адбываецца вобшук пакуль невядома. Міхаіл Чамурака падазрае, што такім чынам міліцыянты спрабуюць адпомсціць яму, бо калі ён быў затрыманы і сядзеў за кратамі, яму пагражалі "па сястры паработаць".
У Брэсце быў затрыманы Андрэй Прыстаўка. Ён ехаў каля Музея паравозаў, калі яго спынілі міліцыянты і адвялі ў сваю машыну. Нагадаем, што ягоны брат Максім Прыстаўка зараз знаходзіцца пад арыштам за ўдзел у акцыі пратэста.
У Мінску таксама былі затрыманыя ўдзельнікі мотапрабегу Мікіта Афанасьеў, Павел Краўчонак, Віталь Федарук, Аляксандр Вярбіцкі і Мікіта Траццякевіч. Таксама паведамляецца, што супрацоўнік ДАІ выцягнуў з тралейбуса мужчыну, які трымаў бела-чырвона-белы сцяг у знак падтрымкі байкераў.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:
- +375 44 734 45 51
- +375 29 841 39 81
- +375 17 377 55 40.
- Тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna