Затрыманых, якія адбываюць арышт у гомельскім ІЧУ, пераводзяць у Брагін
Пра гэта паведамляе Свабода.

Сваякі затрыманых, якія адбываюць арышты за ўдзел у акцыях пратэсту, сёння даведаліся, што іх родных 2 кастрычніка перавялі адбываць пакаранне ў брагінскі ізалятар часовага ўтрыманья. Вядома прынамсі пра 5 арыштаваных, якіх перавялі ў Брагін.
У ліку арыштаваных і пераведзеных у Брагін — Андрэй Філановіч з Узды (Мінская вобласць). Сваякі не маглі перадаць яму рэчы і прадукты, бо жывуць далёка, пра яго клапаціліся валанцёры.
У мінулую нядзелю ў Гомелі на Маршы пратэсту затрымалі каля сарака чалавек. Большасць атрымалі адміністрацыйныя арышты.
Жыхары Гомля мяркуюць, што перавод у Брагін звязаны з тым, каб вызваліць месцы для «патэнцыйных парушальнікаў» перад чарговай акцыяй, якая мае адбыцца ў нядзелю.