Затрыманыя ў Гродна журналісткі вызваленыя пасля «прафілактычнай гутаркі»

Затрыманыя ў Гродна журналісткі Марына Харэвіч (БелаПАН) і Алёна Кавальчук (штотыднёвік «Наша слова») вызваленыя пасля праверкі дакументаў і «прафілактычнай гутаркі».

photo_2020_12_20_17_04_36.jpg


Перад затрыманнем Харэвіч паведаміла БелаПАН, што ў памяшканне, дзе яны працавалі, ламіліся «людзі ў цывільным».

Гродзенцы праводзілі пратэстныя акцыі «па-партызанску»: гулялі ў шапках, паліто, шаліках белага і чырвонага колераў, хтосьці — з бел-чырвона-белым сцягам на сумцы або на шапцы. У цэнтры горада, на Савецкай вуліцы, скандавалі «Жыве Беларусь!». Вуліцу і аднайменную плошчу патрулявалі міліцыянты і амапаўцы ў форме і цывільным.

Паводле звестак праваабарончага цэнтру «Вясна», затрымалі чатырох мясцовых жыхароў, сярод іх Андрэй Янковіч, які раней выходзіў з часткова выгаленай галавой і плякатам «Несапраўдны прэзідэнт», вулічны музыка Антон Сіліч.