Zerkalo.io (як і TUT.BY) хочуць прызнаць экстрэмісцкім

Суд Цэнтральнага раёна 13 жніўня прадоўжыць разгляд іскавай заявы ад МУС Беларусі аб прызнанні інфармацыйнай прадукцыі партала TUT.BY і яго сацсетак экстрэмісцкімі матэрыяламі. Але Міністэрства ўнутраных спраў вырашыла дапоўніць пазоў новымі патрабаваннямі і прызнаць экстрэмісцкім і Zerkalo.io.

785c4b8341b469c61d00425ad30cb0ad.jpg

«На інтэрнэт-рэсурсе Zerkalo.io журналістамі каманды TUT.BY працягваецца інфармацыйны ціск, накіраваны на размяшчэнне інфармацыі з ухілам на дыскрэдытацыю органаў дзяржаўнай улады, інфармацыя падаецца аднабакова, з негатыўнай ацэнкай дзейнасці дзяржаўных органаў, дзе завуалявана (ад трэцяй асобы) пад выглядам інфармацыйных паведамленняў фармуецца кантэнт, які стварае масіраваны інфармацыйны ціск на падпісантаў, ажыццяўляецца прапаганда пратэснай актыўнасці ў грамадстве (так званыя флэшмобы), накіраваная на фарміраванне і падтрымку пратэснага настрою сярод грамадзян і дэстабілізацыю грамадскай абстаноўкі ў краіне», — гаворыцца ў абгрунтаванні ведамства.
Адзначым, што большая частка каманды TUT.BY не мае да Zerkalo.io ніякага дачынення.
Таксама МУС просіць прызнаць экстрэмісцкімі лагатыпы (лічбавыя вадзяныя знакі) TUT.BY і Zerkalo.
Якія менавіта матэрыялы Zerkalo.io выклікалі прэтэнзіі ў МУС, мы пакуль не ведаем.

І што далей?

Супрацоўнікі Zerkalo.io ўпэўненыя, што не парушаюць закон і прэтэнзіі МУС з'яўляюцца беспадстаўнымі. Журналісты Zerkalo.io захоўваюць прынцыпы журналістыкі і беларускія законы.

Ці можна зараз чытаць рэсурс?

Можна і трэба. Суд яшчэ не прызнаў Zerkalo.io экстрэмісцкім рэсурсам. 

А калі прызнаюць?

Ёсць адказнасць за захоўванне, распаўсюджванне і выраб экстрэмісцкіх матэрыялаў (арт. 19.11 КаАП), гэта цягне за сабой адміністрацыйную адказнасць з пакараннем у выглядзе штрафу або арышту.
Проста чытанне ці прагляд матэрыялаў да гэтага не належаць. У заканадаўстве таксама не прадугледжана адказнасць для герояў публікацый.
Гэта значыць, чытаць будзе можна па-ранейшаму — як на сайце, так і ў дадатку і сацсетках.
Частка былой каманды TUT.BY запусціла новае медыя Zerkalo.io 8 ліпеня. Праз гадзіну доступ да рэсурса ў Беларусі заблакавалі.
3 чэрвеня МУС звярнулася ў суд з пазовам, дзе патрабуе прызнаць матэрыялы TUT.BY і сацсетак партала (а таксама яго акаўнтаў у Telegram, Viber, Twitter, «Вконтакте», «Аднакласніках» і TikTok) экстрэмісцкімі. У заяве МУС гаворыцца пра тое, што ў ходзе маніторынгу Інтэрнету ў лютым гэтага года на партале і ў сацсетках партала знайшлі «матэрыялы, якія закранаюць інтарэсы Рэспублікі Беларусь», а пры аналізе матэрыялаў «выяўленыя прыкметы экстрэмізму». Ведамства таксама просіць Мінінфарм уключыць матэрыялы партала ў «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» і прыняць меры па абмежаванні доступу да інфармацыйнай прадукцыі TUT.BY, люстраных версій сайта і аналагаў з іншымі URL-адрасамі, «якія спрыяюць распаўсюджванню вышэйпазначанай інфармацыйнай прадукцыі» ў Інтэрнеце на тэрыторыі Беларусі.
Zerkalo.io