Зламаныя рэбры і сківіца ды 1,5 года «хіміі» — за абразу Лукашэнкі

Юрый Вінчук на судзе віну прызнаў, але тлумачыў, што якк такога намеру на абразу ў яго не было, але была крыўда за забойства Генадзя Шутава, якога ён асабіста ведаў. Таму вырашыў выказаць сваё меркаванне наконт тых падзей, што адбываліся ў краіне, і забойства Шутава.

vinichuk_yury.jpg

Суд Брэсцкага раёна 9 чэрвеня асудзіў 40-гадовага Юрыя Вінічука да 1,5 года “хіміі” за абразу кіраўніка дзяржавы — паводле арт. 368 Крымінальнага кодэкса. Справу разглядаў суддзя Павел Главацкі, дзяржабвінавачання падтрымлівала Наталля Шастачук.

Паводле абвінавачання, днём 3 верасня 2020 года, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення, маючы намер і мэту на абразу дзеючага кіраўніка, Юры Вінічук пазваніў па нумары 102 і пры размове з аператарам у абразлівай форме выказаўся на адрас Лукашэнкі, чым здзейсніў яго публічную абразу. Ён жа ў гэты дзень падчас размовы з супрацоўнікамі Брэсцкага АУС у абразлівай форме зноў выказаўся ў адрас кіраўніка Беларусі ненарматыўнай лексікай. Сваімі дзеяннямі Юры Вінічук учыніў злачынства паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса.

У судзе Юрый Вінічук віну прызнаў. Ён распавёў, што ў той дзень выпіваў з сябрам, спрачаліся аб тым, ці ёсць сэнс хадзіць на маршы пратэсту. Як такога намеру на абразу ў яго не было, але была крыўда за забойства Генадзя Шутава, якога ён асабіста ведаў. Таму вырашыў выказаць сваё меркаванне наконт тых падзей, што адбываліся ў краіне, і забойства Шутава.

Абвінавачаны падумаў: “Навошта хадзіць са сцягамі, вазьму і пазваню”. Таму патэлефанаваў у міліцыю па нумары 102. Яго спыталі, ці можа ён паўтарыць. Мужчына адказаў: “Канешне”, і яшчэ разоў пяць сказаў гэты выраз. Абвінавачаны сказаў, што яго “пазналі па голасе” і спыталі, дзе можна яго забраць. На гэта ён сказаў, што можа падыйсці сам, куды трэба. Калі супрацоўнікі міліцыі прыехалі, памятае, што сказаў ім, што выказваў сваё меркаванне, але не памятае, каб зноў выказваў абразы ў адрас Лукашэнкі непасрэдна ў прысутнасці міліцыянераў.

У той жа дзень Юрыя Вінічука затрымалі і жорстка збілі ў пастарунку. У яго былі паламаныя рэбры і сківіца. Пазней быў асуджаны на 7 сутак адміністрацыйнага арышту, але ў ІЧУ яго прыняць адмовіліся праз стан здароўя. На пытанне дзяржабвінаваўцы, ці звяртаўся абвінавачаны з заявай аб збіцці, адказаў: “Я не той чалавек, я ведаў, за што атрымаў”.

Сведкі ў суд не з’явіліся, зачыталі іх паказанні, дадзеныя падчас папярэдняга следства.

Падчас спрэчак бакоў пракурор Наталля Шастачук прасіла суд прызнаць Юрыя Вінічука вінаватым па ч. 1 арт. 368 КК і прызначыць яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на 1 год і 6 месяцаў. Менавіта такі прысуд і вынес суддзя Павел Главацкі.

Паводле spring96.org