Змагара з будаўніцтвам дамоў на могілках у Валожыне збілі і пагражалі «закатаць у асфальт»
У Валожыне на мясцовага актывіста "Беларускай хрысціянскай дэмакратыі" Георгія Каржанеўскага, які змагаецца супраць будаўніцтва ў горадзе свінакомплексу і дамоў на месцы масавых расстрэлаў яўрэяў на мясцовым стадыёне падчас Другой сусветнай вайны, аказваецца ціск.
Георгій Каржанеўскі
Так, прадстаўнікі забудоўшчыка — кампаніі алігарха Юрыя Чыжа — неаднойчы пагражалі "закатаць яго ў асфальт", а ўзімку падчас адной з сустрэчаў нават ударылі пенсіянера ззаду па нырках, паведамляе в.а. каардынатара аргкамітэту БХД па Мінскай вобласці Павал Пракаповіч.
А на мінулым тыдні на стадыёне пачалі бурыць грунт. Георгій Каржанеўскі ў першы дзень здолеў спыніць працу будаўнікоў, растлумачыўшы ім усё пра стадыён, аднак на наступны дзень працы аднавіліся — па словах будаўнікоў, "ўсе ўжо вырашана мясцовымі ўладамі".
Замест таго, каб перахаваць ахвяраў халакосту, якіх тут пахавана некалькі сотняў чалавек, мясцовыя ўлады зрабілі насып акурат на месцы расстрэлаў.
Мясцовыя жыхары добра ведаюць, дзе знаходзіцца гэтае страшнае месца. Такое забыць немагчыма. У лістападзе 1941 годзе некалькі сотняў яўрэяў, лепшых прадстаўнікоў яўрэйскай абшчыны Валожына — равіна, спартоўцаў, вайскоўцаў, інтэлігенцыю, — расстралялі на мясцовым стадыёне. Шмат хто з тых, каго прыводзілі на стадыён, не чакалі стрэлаў і скакалі ў яму жывымі, ад чаго некалькі гадзін пасля таго, як засыпалі яму, зямля нібыта "хадуном хадзіла".
Але райвыканкам адмаўляецца праводзіць раскопкі, перапахаванне загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны яўрэяў. Кажуць: "Там нічога няма, не ў тым месцы... Ужо ўсе вырашана..." Але ж будаваць тут плануюць, бо тут гэта рабіць прасцей — адкрытая прастора, добрая інфраструктура.
Георгій Каржанеўскі неаднаразова звяртаўся да мясцовых уладаў з патрабаваннем спыніць будаўніцтва жылых дамоў на месцах масавых расстрэлаў яўрэяў.
БХД патрабуе неадкладна спыніць будаўніцтва жылых дамоў на касцях загінуўшых ахвяраў фашызму. Патрабуем спыніць ціск на Каржанеўскага Георгія Мікалаевіча, і правесці грамадскія слуханні па гэтай праблеме. Патрабуем правесці раскопкі на месцы масавых расстрэлаў, перазахаваць і ўшанаваць памяць ахвяраў халакосту.