Зміцер Дашкевіч: «Гэта ўмацуе незалежнасць больш за сякеру»

Зміцер Дашкевіч падзяліўся ў фэйсбуку сваімі думкамі аб незалежнасці і акцыях у яе абарону.

symbal.by

symbal.by

«І таму мы, незалежна ад нашых добрых якасцей, удзельнічаем у адным вялізным злачынстве, імя якому... Расійская імперыя», – напісаў прарочыя словы Уладзімір Караткевіч у несмяротным рамане «Каласы пад сярпом Тваім».

Але не ўсе гэта хацелі чуць і бачыць. Такая ўжо прырода чалавечая: пакуль гром не грымне, мужык не перажагнаецца. Сёння гэтую народную мудрасць можна было б перакласці так: пакуль аншлюс не падпішуць, змагар на вуліцу нt выйдзе.

Цяпер, відаць што, ужо пачынае грымець. Дзякуй тым героям, якія на вуліцу выйсці могуць і выходзяць. Але, такая ўжо рэальнасць, не многія пад акупацыйнай адміністрацыяй могуць стаць на плошчах сваіх гарадоў. Наракаць на гэта, тое ж самае, што наракаць на дождж ці спёку. Ігнараваць гэта – тое ж самае, што па лютаўскіх марозах хадзіць у летняй апратцы. Замест гэтага можна на залеву падрыхтаваць парасон, на сквар – капялюш, а на мароз – вопратку. Сёння кожны, хто не хоча быць саўдзельнікам злачынства, мае безліч магчымасцяў умацаваць Беларусь і незалежнасць.

Сёння кожны мае розум і язык размаўляць на роднай мове – за гэта не пасадзяць і нават не паб'юць. Так, гэта цяжка, але не цяжэй, чым выходзіць на вуліцу ці, калі грымне ўжо добра, брацца за сякеру. Складана, але пачні хаця б з трох словаў: прывітанне, дзякуй, калі ласка – і няхай мы будзем чуць на вуліцах родную мову не раз на тыдзень, а хаця б раз на гадзіну.

Сёння кожны мае магчымасць прыйсці ў Курапаты – за гэта не складуць пратакол і не выганяць з працы. Так, гэта далёка, за кальцавой. Але ехаць рыць акопы на ўсходняй мяжы яшчэ далей.

Сёння кожны мае магчымасць падпісацца на Нашу Ніву, Нашу гісторыю, Новы Час, Народную волю і іншыя незалежныя выданні. Так, гэта непрыемна, адстаяць на пошце паўгадзіны раз у квартал. Але сядзець на канапе ў саюзнай дзяржаве і мець на пульце толькі расійскія каналы будзе яшчэ непрыемней.

Сёння кожны мае магчымасць прыйсці ў кінатэатар «Масква» а 16:30 на беларускамоўны паказ «Адмірала» – і даведацца, якога мора крыві можа каштаваць барацьба з імперыяй за незалежнасць.

Давайце пачнем з малога, якое потым і складзецца ў вялікае. Што, калі сёння на вуліцах нашых гарадоў "дзякуй" і "калі ласка", "прывітанне" і "прабачце" будуць казаць не 2% патрыётаў, а 20%? Што, калі на варту ў Курапаты пасля працы прыйдзе ня 5 чалавек, а 50 ці 500? Што, калі наклад незалежных выданняў будзе не па 5 тысяч, а па 50 тысяч? Што, калі чарга на беларускамоўныя фільмы будзе вырастаць ад Нямігі да Каліноўскага?

Гэта ўмацуе незалежнасць ці не? Умацуе больш за сякеру. Гэта меншы гераізм за вуліцу ці не? Не меншы, бо гэта штодзённая і цяжкая праца над сабою. Дык кожны, хто разважае пра #незалежнасьць, выйдзі на вуліцу і зрабі нешта з безлічы тых справаў, якія Госпад дае нам магчымасць сёння зрабіць. Не будзь саўдзельнікам вялізнага злачынства, але будуй дабро – незалежную Беларусь.



facebook.com