Зміцер Дашкевіч: Спакойна казаць «не» злачынству

Працягваем наш цыкл інтэрв’ю з актывістамі Варты абароны Курапатаў. Гэтым разам мы размаўляем са Змітром Дашкевічам, удзельнікам самай першай Варты абароны Курапатаў у 2001–2002 гадах, лідарам другой абароны ў 2017 годзе, адным з самых актыўных абаронцаў падчас бягучай Варты.

zmicer_daszkevicz_padczas_abarony_kurapatau_u_2017_hodze.jpg

— Зміцер, якое значэнне Курапаты маюць для цябе асабіста, і якое — для беларускага народа?

— У найноўшай гісторыі Беларусі Курапаты — гэта краевугольны камень, на якім засноўваўся нацыянальны рух да адраджэння і свабоды. Без Курапатаў немагчыма зразумець тое, дзе мы і хто мы як народ. Памяць пра тысячы нявінна забітых абудзіла Беларусь у канцы 1980-х. У сваёй ацэнцы значэння Курапатаў я сыходжу з таго, што гісторыя — гэта лагічны і заканамерны працэс, творца якога — Бог. Калі гісторыя — не хаос, а логіка і парадак, то мы мусім задумацца, чаму Госпад нам зноў і зноў нагадвае пра Курапаты? Чаму трэці год запар мы гаворым пра нацыянальны некропаль? Відаць, нешта недарабілі мы, як народ, 30 гадоў таму, калі Курапаты былі адкрыты. Не адбылося, я мяркую, самага галоўнага — агульнага пакаяння ў жахлівых грахах камунізму і дэкамунізацыі. Мы не зрабілі тых высноў з гісторыі, якія зрабіла Нямеччына пасля Другой сусветнай вайны. Сённяшнія падзеі вакол Курапатаў сведчаць для мяне, што Госпад рыхтуе наш народ да неабходнасці зрабіць гэтыя высновы.

— Ці можаш ты параўнаць гэтыя тры хвалі абароны? Як змяніўся характар супраціву? Як змяніліся дзеянні рэжыму?

— У той альбо іншай форме сотні людзей далучыліся да трох хваляў абароны Курапатаў. І кожны раз гэтая абарона трымалася на некалькіх актывістах. Напэўна, гэта таксама нешта кажа пра нас як пра нацыю. У той час, калі ўсе (за рэдкім выключэннем) прыхільнікі перамен гавораць, што Курапаты — святое месца для беларусаў, толькі дзясяткі, у лепшым выпадку сотні беларусаў гатовыя за гэтае святое месца змагацца. Ці не таму мы жывем так, як жывем?

Рэжым, я думаю, можа і хацеў бы перасадзіць усіх, але гэтага чамусьці не адбываецца. Па-першае, зачыстка абаронцаў Курапатаў у аўтазакі не мела б такога агульнага ўхвалення сярод саміх рэжымных структур, як якая-небудзь умоўная зачыстка пад адміністрацыяй Лукашэнкі. Па-другое, Курапаты — гэта надзвычай сакральнае месца, у якім немагчыма дзейнічаць так, як сістэма дзейнічае паўсюль.

Толькі ўсведамленне таго, што нароўні з фізічнай рэчаіснасцю ёсць і духовая, можна зразумець значэнне Курапатаў і тое, што вакол іх адбываецца.

— Ты праз краўдфандынг назбіраў сродкі для ўсталявання больш за 70 крыжоў па перыметры Курапатаў. Аднак улады адказалі на гэта пастановай Саўміну №69, паводле якой гэтыя крыжы могуць быць дэмантаваныя, а на ўсталяванне новых патрэбны дазвол. Да чаго можа прывесці далейшае супрацьстаянне з уладамі?

— Для мяне самога ўсталяванне гэтых 70 шасціметровых крыжоў — неверагодны Божы цуд, які я яшчэ і цяпер не да канца ўсвядоміў. Я не думаю, што чыноўнікі наважацца вырываць з глебы гэтыя вялізныя крыжы. Колькі яны ні пагражалі нам турмой і спілаванымі крыжамі — крыжы стаяць і велічна ўзносяцца ў неба. Літаральна днямі я атрымаў пастанову з суду, што рашэнне пра знос крыжоў і штраф за іх усталяванне скасаваныя.


— Гэта досыць пазітыўная інфармацыя. Аднак маем і негатыў: знішчаная «лава Клінтана», на працягу апошніх тыдняў адбыліся сур’ёзныя інцыдэнты і правакацыі падчас Варты. Ці не звязаныя яны між сабой? Ці не было пагрозаў табе і тваёй сям’і?

— Пагрозаў мне не было. Ці звязаныя гэтыя інцыдэнты, не ведаю. Але для мяне бясспрэчна, што яны з’яўляюцца заканамерным вынікам палітыкі рэжыму. Разбітая ўшчэнт Курапацкая лава памяці ад амерыканскага народа — гэта помнік 25-гадовай эпосе бяспамяцтва.

— Ворагі Беларусі зацікаўленыя, каб наш народ быў пазбаўлены гістарычнай памяці. Гэта спрыяе правядзенню палітыкі расійскага неаімперыялізму, задэклараванай Пуціным падчас Мюнхенскай прамовы. Яго памочнік Суркоў у сваім артыкуле зазначыў, што Расія вярнулася да натуральнага стану «великой, увеличивающейся и собирающей земли общности народов». Мы выдатна разумеем: Расія будзе намагацца занурыць Беларусь у сваю ментальную і культурніцкую прастору. Якую ролю тут граюць Курапаты і ці могуць яны быць перашкодай для рэалізацыі імперскіх планаў?

— Не для таго давёў нас Бог да сённяшняга дня, каб мы зніклі. Не для таго мы перажылі камуністычны генацыд і нацысцкі, каб прыляцела нейкая моль і нас знішчыла. Я веру ў Божы план для Беларусі.

Калі мы размаўляем пра супрацьстаянне з усходнім агрэсарам, то Курапаты для мяне ў гэтым плане важныя тым, што тут выявілася, як нідзе раней, з кім можна ісці ў выведку, а з кім не. Адзін быццам нацыянальны лідар называе абарону Курапатаў «палітычнымі могілкамі», другія нібыта нацыянальныя сілы з абароны Курапатаў збеглі, іншым увогуле абыякава. Але ёсць такі духовы закон жыцця: няверны ў малым — няверны і ў вялікім. Таму гэтыя людзі, якія не захацелі ці не змаглі зрабіць гэтую простую справу — без ніякіх арыштаў і пратаколаў абараніць Курапаты — ці будуць яны бараніць Беларусь? Я думаю, гэта смешна. Таму я ўдзячны Курапатам яшчэ і за тое, што кожны дзень яны выяўляюць, хто ёсць хто.

hronika_kurapat_2_marta__1_of_1__5_logo_1.jpg


— Вернемся да дзеянняў уладаў. Гледзячы на тое, Расія апраўдвае палітыку сталінізму, улады збудавалі ў Беларусі так званую «Лінію Сталіна», руйнуюць нацыянальную адукацыю, збройныя сілы на тэрыторыі нашай краіны кансервуюць практычна ў выглядзе беларускай вайсковай акругі савецкага ўзору… Як успрымаць гэтыя дзеянні?

— Рэжым турбуецца толькі пра сябе, яго правадыр кіруецца толькі сваёй маніякальнай прагай улады — і ён будзе рабіць толькі тое, што, на яго думку, гэтую ўладу можа падтрымаць. Доўгі час уладу і грашыма, і палітычна забяспечвала Расія, таму кіраўнік Беларусі поўз, як ён сам пра сябе казаў, «у Крэмль на каленях».

Пасля падзеяў ва Украіне мы бачым, што па некаторых пазіцыях нацыянальныя інтарэсы Беларусі супадаюць з яго прыватнымі інтарэсамі. Таму мы назіраем некаторыя магчымасці, якіх не было раней. Вышыванка, БНР–100, помнік Касцюшку — тое, пра што гадоў пяць таму проста марыць было б вар’яцтвам, сёння сталася рэальнасцю. Рэжым мусіў заплюшчваць на гэта вочы, бо мусіў нешта супрацьпаставіць імперскім планам Масквы. Але тут ёсць іншая праблема, якую вельмі слушна акрэслілі: для ўлады свабоднае і незалежнае грамадства — больш значная небяспека, чым Крэмль. Таму, мяркую, рэжым і далей будзе кідацца паміж гэтых двух агнёў, пакуль нейкі з іх на яго не перакінецца.

— Актывісты Варты зацята супрацьстаяць намаганням дыскрэдытаваць Народны мемарыял праз легалізацыю функцыянавання рэстарацыі «Поедем поедим». Ці бачыш ты, як можна развязаць праблему існавання гэтай забаўляльнай установы ля расстрэльных ямінаў, нават нягледзячы на дзеянні лабістаў рэстарацыі на вышэйшым узроўні?

— У 2017-м, калі мы ўшасцёх выйшлі на будпляцоўку офіснага цэнтру ў ахоўнай зоне Курапатаў, не было ніякай магчымасці казаць пра нейкую перамогу. Я бегаў і ў запале крычаў будаўнікам: «Згортвайцеся, вы тут нічога не пабудуеце!». А потым падымаўся з ледзяной калюжыны і думаў: «Што я малачу, якое «не пабудуюцца», калі ў іх руках усё?» Але мяне трымала пытанне: «Што мне правільна рабіць?» І я ведаў, што правільна — стаяць, казаць «не» злачынству. Таму мы працягвалі стаяць, і хоць моцы не было ніякай, Бог даў перамогу. Тое ж самае трэба рабіць і сёння: спакойна стаяць, спакойна казаць «не» злачынству, а Бог будзе рабіць Сваю справу.

hronikakurapat_28_fevralja_logo_2.jpg


— Ці можаш ты агучыць станоўчыя дасягненні Варты абароны Курапатаў.

— Гісторыя мае акрэсліць.

— Тады якія адмоўныя чыннікі выявіла Варта абароны Курапатаў?

— Галізну ўсяго беларускага грамадства. Дзе царква, якая мусіць абвяшчаць праўду? Толькі вернікі адной невялікай царквы праводзяць штонядзелю малітву ў Курапатах. Дзе партыі, у якіх па спісах ад тысячы да пяці тысяч актывістаў? Толькі па некалькі партыйных актывістаў бачым мы пад брамамі рэстарацыі. Зрабілі шэраг памылак і мы самі: праігнаравалі аб’ектыўны стан беларускага грамадства і не ацанілі свае сілы, не прадумалі прымальную для іншых людзей форму абароны Курапатаў. З гэтага таксама трэба рабіць высновы, каб дзейнасць наша была эфектыўнай і не толькі прыносіла нейкі вынік, але і натхняла многіх і многіх іншых, хто ў шэрагу розных прычын пакуль толькі назірае і суперажывае.

— Каб паспрыяць гэтаму, ты маеш зараз выдатную мажлівасць звярнуцца да чытачоў «Новага Часу» з заклікам да веры і дзеянняў.

— Не ўсе, і, можа быць, нават нямногія могуць пачуць гэта, але хоць нехта ды пачуе. Верце ў Бога і Яго план для Беларусі — гэта напоўніць аптымізмам і дасць вам сілаў рабіць тое, што ў вашых магчымасцях. Сёння кожны, без ніякай небяспекі, можа прыйсці ў Курапаты і падтрымаць абаронцаў. Кожны можа пачаць размаўляць па-беларуску — і гэтым самым лепей за любую зброю ўмацаваць незалежнасць Беларусі.