Змяніліся правілы паступлення ў ліцэі

Беларускія ўлады пастаянна мяняюць правілы паступлення ва ўстановы адукацыі і бягучы год не стаў выключэннем.

licej_bdu.jpg

Цяпер усе ўступныя выпрабаванні праходзяць у адзін час, а значыць, у школьнікаў будзе толькі адна спроба стаць ліцэістам, патлумачыла адну са змен дырэктарка Ліцэя БДУ Ганна Чубарава.

Паводле яе слоў, гэта адно з прынцыповых змяненняў, якое зроблена ў правілах паступлення ў ліцэі. У Ліцэй БДУ, напрыклад, раней можна было паступаць у траўні, а ў іншыя ліцэі ў чэрвені-ліпені.

«І атрымлівалася, што той, хто не прайшоў па конкурсе да нас, мог пазней паспрабаваць сілы ў іншых», — дадала дырэктар Ліцэя БДУ.

Цяпер так зрабіць не атрымаецца з-за адначасовых экзаменаў ва ўсе ліцэі, але застанецца шанец трапіць у ліцэй у выпадку абвяшчэння дадатковага набору. Ганна Чабарава адзначыла, што пры паступленні ў Ліцэй БДУ зменіцца і спецыфіка экзаменаў.

«Школьнікі, паступаючы да нас, здавалі два пісьмовых экзамены ў залежнасці ад профілю. Іх 11. Заданні складаў БДУ. Гэта маглі быць тэсты, задачы, адкрытыя пытанні», — сказала яна.


Цяпер прынята рашэнне, што гэтыя заданні будзе рыхтаваць Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў, таму абсалютна незразумела, што чакае будучых ліцэістаў на іспытах.

«Спецыфікацыі да іх няма. У РІКВ нам паведамілі: заданні плануюцца падобнымі з ЦТ і алімпіяднымі. Паабяцалі, што ўся інфармацыя з’явіцца ў пачатку сакавіка», — распавяла дырэктар.

Таксама трэба здаваць экзамены на адзнаку не ніжэй за 6 балаў, інакш да наступнага этапу праверкі ведаў школьніка ужо не дапусцяць.

Раней можна было паступіць, набраўшы неабходную агульную суму балаў, нейкі экзамен здаць лепш, а нейкі горш. Цяпер так зрабіць не атрымаецца.

«Тым, хто не прайшоў адбор у нас, мы будзем выдаваць выпіску з пратакола пасяджэння прыёмнай камісіі. З гэтым дакументам хлопцы змогуць паўдзельнічаць у магчымым дадатковым наборы ў іншыя ліцэі», — цытуе Ганну Чабараву агенцтва «Мінск-Навіны».

Дарэчы, без экзаменаў ліцэістам сёлета можа стаць любы школьнік — трэба ўсяго атрымаць дыплом рэспубліканскай алімпіяды на завяршальным этапе. 

Паводле budzma.org