Знік мужчына, які хацеў зарэгістравацца назіральнікам на рэферэндуме
Сабраў неабходную колькасць подпісаў, аднёс іх у сельсавет, а потым перастаў выходзіць на сувязь.
Жыхар Чонак, што пад Гомелем, Мікалай Сушкоў выказаў намер зарэгістравацца назіральнікам у мясцовай участковай камісіі (участак для галасавання №45) па правядзенні рэферэндуму.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, ён сабраў неабходную колькасць подпісаў аднавяскоўцаў і 18
лютага аднёс іх у пасялковы сельсавет, дзе месціцца выбарчая камісія.
Згодна з Палажэннем аб парадку накіравання і дзейнасці
назіральнікаў пры падрыхтоўцы і правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму ў 2022
годзе, кожны грамадзянін мае права быць назіральнікам, прадставіўшы ў камісію
заяву, падпісаную не менш чым 10 грамадзянамі, якія пражываюць адпаведна на
тэрыторыі вобласці, раёна, горада, раёна ў горадзе, участка для галасавання.
Праз некаторы час яму патэлефанавалі з сельсавета і
паведамілі, што ў дакументах маюцца недакладнасці, а таму трэба яшчэ раз зайсці
ў камісію.
Пасля паходу ва ўчастковую выбарчую камісію телефон Мікалая
Сушкова стаў недасягальны.
Не выйшаў на сувязь ён і 19 лютага.