Зняволенага журналіста і актывіста Саюза палякаў Андрэя Пачобута перавялі ў СІЗА Жодзіна

Андрэя Пачобута перавезлі ў жодзінскае СІЗА. Раней яго ўтрымлівалі ў СІЗА № 1 Мінска.

1382356006_6cd8cfca_e1b2_489a_9501_14aa148c3700_mw1024_n_s.jpg


Пра гэта паведамляе «Свабода» са спасылкай на «Беларускую асацыяцыю журналістаў».

Журналіста і сябра «Саюза палякаў» у Беларусі Андрэя Пачобута затрымалі 25 сакавіка ў Гродне і даставілі на допыт у Следчы камітэт у Мінску. У статусе падазраванага па крымінальнай справе паводле ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса («Здзяйсненне групай асоб наўмысных дзеянняў па прыкмеце нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай прыналежнасці і рэабілітацыі нацызму») яго пакінулі пад вартай у СІЗА-1.

Санкцыя артыкула прадугледжвае ад 5 да 12 гадоў зняволення.

Пераслед Андрэя Пачобута адбываецца ў рамках ціску на польскую меншасць у Беларусі. Следам за ператрусамі і затрыманнямі прадстаўнікоў «Саюза палякаў» у Брэсцскай і Гродзенскай абласцях улады пачалі праверку ўстаноў, дзе вывучаюцца польская мова і культура.

Раней Андрэй Пачобут ужо быў палітычным зняволеным. У 2011 годзе Гродзенская абласная пракуратура пачала супраць яго крымінальную справу за абразу і паклёп на прэзідэнта Беларусі. Судовы працэс быў закрытым. 5 ліпеня таго ж года суддзя Ленінскага раённага суду Гродна Віталь Ляцко асудзіў яго на 3 гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на 2 гады за паклёп. Па артыкуле, які тычыўся абразы прэзідэнта, журналіст быў апраўданы і вызвалены ў залі суду.

Новы адрас для лістоў Андрэю Пачобуту: следчая турма №8. 222163, Жодзіна, вул. Савецкая, 22А.

Следчы камітэт працягвае пераслед польскіх актывістаў у рамках свайго расследавання. У апошнія дні кіраўнікоў структур «Саюза палякаў Беларусі» выклікалі для допытаў у Гродне, Мінску, Маладзечне, Індуры ды іншых месцах.