Жодзінцу пагражаюць за бел-чырвона-белы гаўбец
Некалькі тыдняў гаўбец жыхара Жодзіна Юрыя Шыдлоўскага быў афарбаваны ў белыя і чырвоня колеры, якія сімвалізуюць нацыянальны сцяг беларусаў. Потым на ім пачалі з'яўляцца абразлівыя надпісы з пагрозамі, распавядае ex-press.by.

— Для мяне нацыянальны сцяг — гэта наша гісторыя, сімвал свабоднай Беларусі. Я хачу, каб мы жылі менавіта ў такой у краіне — сумленнай і свабоднай, — кажа Юрый, які на сваім гаўбцы стварыў правобраз нацыянальнага сцяга. Праз некалькі тыдняў, раніцай, ён выявіў на ім абразлівы надпіс.
— Думаю, што той, хто піша падобнае, проста не ведае гісторыі, не задумваецца, што робіць, — мяркуе Юрый Леанідавіч. Па адукацыі ён выкладчык іспанскай і англійскай мовы, працуе ў сур'ёзнай кампаніі, у яго чацвёра дзяцей.
— Да Вялікай Айчыннай вайны мой дзед быў ваенным камісарам Чэрвеньскага раёна, потым адмовіўся ад броні і пайшоў ваяваць супраць фашызму. Памёр ён ад ран за два дні да перамогі. Аднаго са сваіх сыноў я назваў імем дзеда. У маёй сям'і шануюць яго памяць і ўсіх родных, якія ваявалі з фашызмам, якія пацярпелі ад яго. Цяпер, калі ў нашай краіне адбываецца нешта жудаснае — калі з людзей здзекуюцца, а наш нацыянальны сцяг адносяць да фашысцкага, вельмі балюча, — распавёў Юрый Леанідавіч.
Малюнак, у аснове якога герб Жодзіна, з'явіўся на балконе ў Юрыя праз некалькі дзён — яго зрабілі мастакі з Мінска.

— Неўзабаве ў мяне пабывалі і супрацоўнікі міліцыі, і выканкама. Яны дамагаліся, каб я прыбраў малюнак з балкона. А потым прыехалі работнікі ЖКГ. Яны зафарбоўвалі балкон тры дні, некалькімі пластамі, — кажа Юры.
У нядзелю, 6 снежня, на балконе з'явілася непісьменнае, агрэсіўнае, абразлівае пасланне, якое хтосьці напісаў пад покрывам ночы.

— Ад слова "фашыст" жудасна крыўдна, хоць я выдатна разумею, што гэта пісаў чалавек, хутчэй за ўсё, малаадукаваны, які не ведае не толькі гісторыю, але і граматыку, — кажа Юрый Леанідавіч.
Ён расцэньвае гэтыя надпісы як прамую пагрозу фізічнай расправы і абразу, але лічыць, што звярнуцца па дапамогу яму няма куды, і расследаваць гэтае злачынства ніхто не будзе. Хутчэй за ўсё, знойдуць спосаб пакараць яго самога.
Сітуацыю каментуе юрыст і праваабаронца Алег Мацкевіч:
— На мой погляд, ёсць усе падставы для правядзення, прынамсі, праверкі ў адпаведнасці з Крымінальна-працэсуальным кодэксам Рэспублікі Беларусь. У дзеяннях "мастака" маюцца прыкметы абразы, выяўленай у публічнай форме, і пагрозы забойствам. Разумею, што ў цяперашніх умовах наўрад ці хтосьці будзе займацца абаронай правоў грамадзяніна, пазіцыя якога кардынальна разыходзіцца з пазіцыяй афіцыйных уладаў. Тым не менш, трэба спрабаваць выкарыстоўваць у тым ліку і тое нямногае, што засталося і падпадае пад вызначэнне «прававых» спосабаў абароны.