Журналіст Юрый Дзяшук: Пасля смерці Вітольда Ашурка хваля рэпрэсій у Бярозаўцы на некалькі месяцаў сціхла

Журналіст-фрылансер Юрый Дзяшук доўга заставаўся ў Беларусі, бо хацеў паглядзець знутры, як скончыцца сітуацыя тэрору.

dzjaszuk.jpg

Журналіст-фрылансер Юрый Дзяшук з'ехаў з Беларусі. Ён быў пад следствам. «Я на волі і ў бяспецы. На жаль, геаграфічна блізка, але маральна вельмі далёка ад роднай Беларусі і любай Бярозаўкі. Гэтая мера вымушаная, але, спадзяюся, не так доўгатэрміновая, як падаецца», – напісаў журналіст у Facebook пасля свайго ад'езду з Беларусі.

Дзяшук прайшоў у Беларусі шматлікія стадыі ўвагі да сваёй асобы: ад затрыманняў, штрафаў, допытаў і да крымінальнай справы. Чым ужо нікога ў Беларусі не здзівіш.

Калега кажа, што хацеў паглядзець знутры, як скончыцца сітуацыя тэрору. Ён адмовіўся ад прафесіі журналіста на некаторы час. Нічога не публікаваў у сацыяльных сетках. Але гэта не дапамагло.

Да слова, Юрый сябраваў з актывістам з Бярозаўкі Вітольдам Ашуркам, якога асудзілі за ўдзел у пратэстах, ён загінуў у турме. Вінаватыя ў гэтым злачынстве не знойдзеныя і не пакараныя. Але гэта ўзрушыла мясцовыя ўлады, міліцыянтаў. Яны на некалькі месяцаў спынілі сваю актыўнасць супраць журналістаў і актывістаў у раёне. Напрыканцы года прыйшлі новыя разнарадкі, пераслед распачаўся з новай сілай.


Гаворыць, у малых населеных пунктах супрацоўнікі сілавых ведамстваў апынуліся ў пэўнай сацыяльнай ізаляцыі з боку жыхароў.

Кажа, што з задавальненнем вернецца ў прафесію пасля амаль году маўчання. І да нармальнага жыцця. Заўважае, што Польшча моцна змянілася – тут цяпер шмат знаёмых, шмат людзей з Беларусі. А яшчэ кажа, што, нягледзячы на татальны тэрор і страх, запалоханае грамадства, ён не расчараваўся ў сваіх суайчынніках, бо агулам адбыліся і працягваюць адбывацца вялікія змены ў свядомасці.

Паводле www.polskieradio.pl