Журналістак Кацярыну Андрэеву і Дарʼю Чульцову будуць судзіць 9 лютага

Суд па справе Кацярыны Андрэевай і Дарʼі Чульцовай пачнецца ў аўторак, 9 лютага, а 10-й гадзіне. Справу ў судзе Фрунзенскага раёна будзе разглядаць суддзя Натальля Бугук.

1640x856_1_1.png


Пра гэта паведаміў муж Кацярыны Андрэевай Ігар Ільяш, піша Радыё Свабода.

Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову затрымалі 15 лістапада за стрым, падчас якога яны паказалі жорсткі разгон акцыі памяці Рамана Бандарэнкі і разбурэнне сілавікамі народнага мемарыялу.

Журналісткам выставілі абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу. Іх вінавацяць у актыўным удзеле і нават кіраванні «групавымі дзеяннямі, што груба парушаюць грамадскі парадак», якія пацягнулі за сабой парушэнне працы грамадскага транспарту.

Следства сцвярджае, што стрым Кацярыны і Дар’і прывёў да прыпынення руху 13 аўтобусных маршрутаў, трох тралейбусных і трох трамвайных. Шкоду, нанесеную ГП «Мінсктранс», ацанілі ў 11562 рублі і 14 капеек.

11 студзеня матэрыялы справы перадалі ў Фрунзенскі раённы суд Мінска.

Праваабаронцы прызналі журналістак палітвязнямі.