«Калідор дубінак»: шлях беларускіх уладаў. Апублікаваны новы даклад праваабаронцаў пра катаванні ў Беларусі
Сёння дзве праваабарончыя арганізацыі — расійскі Камітэт супраць катаванняў і Сусветная арганізацыя супраць катаванняў (ОМСТ) — апублікавалі даклад, у якім прыводзяцца сведчанні ахвяр незаконнага гвалту з боку сілавых структур Беларусі, а таксама гаворыцца пра тое, як улады Беларусі не займаюцца расследаваннем сотняў аналагічных скаргаў.
«"Калідор дубінак": шлях беларускіх уладаў. Даклад аб паліцэйскім гвалце» заснаваны на расследаванні, праведзеным у Беларусі юрыстамі Камітэта супраць катаванняў з 22 жніўня да 12 лістапада 2020 года. У ім падрабязна апісаны справы трынаццаці грамадзян, якія, як і сотні іншых, пацярпелі ад гвалту з боку ўладаў у перыяд з 9 па 13 жніўня 2020 года. Большасць з пацярпелых былі вымушаныя прайсці праз «калідоры», калі супрацоўнікі праваахоўных органаў выстройваліся ў дзве шарэнгі, каб наносіць удары дубінкамі прабягаючым паміж імі затрыманым.
Так, у аднаго чалавека ад удараў была разарваная барабанная перапонка, некалькі іншых атрымалі розныя пераломы. Некаторыя пацярпелыя паведамілі пра сексуальны гвалт ці пагрозы сексуальнага характару і прыніжэнні. Іншыя замахі з боку праваахоўнікаў уключалі ў сябе шматгадзіннае знаходжанне затрыманых у ненатуральных позах, а таксама ўтрыманне ў перапоўненых камерах без вады і ежы. Большасць з гэтых трынаццаці чалавек былі мінакамі, якія не прымалі ўдзелу ў акцыях пратэсту супраць перавыбрання прэзідэнта Лукашэнкі.
«Супрацоўнікі праваахоўных органаў актыўна ўжывалі сілу ў дачыненні да ўжо затрыманых асоб, якія не ўяўлялі ніякай пагрозы і не аказвалі ніякага супраціву, — кажа юрыст Камітэта супраць катаванняў Дзмітрый Казакоў. — Відавочна, што мэтай было запалохванне, прыніжэнне і пакаранне людзей за ўдзел у дэманстрацыях, якія насілі пераважна мірны характар. Сабраныя доказы сведчаць пра наўмыснасць актаў жорсткага абыходжання».
Да 9 верасня 2020 года, па афіцыйных даных, у Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь паступіла больш за адну тысячу васьмісот скаргаў ад грамадзян на катаванні і незаконнае прымяненне фізічнага гвалту з боку праваахоўнікаў. Па стане на 31 снежня 2020 года ў дачыненні да супрацоўнікаў праваахоўных органаў не было ўзбуджана ніводнай крымінальнай справы.
У дакладзе прыводзіцца падрабязная інфармацыя аб тым, як улады Беларусі ўсяляк сабатуюць правядзенне эфектыўнага расследавання скаргаў грамадзян пад прыкрыццём фармальнага выканання закона. Да такіх выкрутаў адносяцца: узбуджэнне крымінальных спраў у дачыненні да грамадзян, якія паскардзіліся на катаванні, перашкода адвакатам у прадстаўленні інтарэсаў пацярпелых, пазбаўленне некаторых з іх адвакацкіх ліцэнзій і нават узбуджэнне супраць іх крымінальных спраў, аб'яднанне сотняў спраў у адну і неабгрунтаванае прыпыненне расследавання.
Акрамя гэтага, кіраўніцтва міліцыі Рэспублікі Беларусь адмовілася даць кантакты сваіх супрацоўнікаў, якія маюць дачыненне да актаў гвалту, тым самым пазбавіўшы следства магчымасці дапытаць іх, а міністр унутраных спраў і Лукашэнка афіцыйна апраўдвалі гвалт з боку супрацоўнікаў міліцыі неабходнасцю абароны сем'яў міліцыянтаў і краіны ў цэлым.
«Падчас расследавання нашы расійскія калегі выявілі мноства розных выкрутаў, якія выкарыстоўваюцца афіцыйнымі органамі Беларусі для фактычнай адмовы расследаваць факты абуральных паводзінаў супрацоўнікаў сілавых структур, — заявіў генеральны сакратар Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў Геральд Стаберок. — Тое, што мы назіраем, — гэта палітычна матываваная адмова ў правасуддзі. Улічваючы адсутнасць незалежнага расследавання ўнутры краіны, мы лічым, што настаў час для стварэння міжнароднага органа, які б заняўся расследаваннем маштабных парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі».
З поўным тэкстам дакладу на рускай мове можна азнаёміцца на спецыяльным сайце. На ім жа размешчаныя гісторыі ахвяр катаванняў і незаконнага гвалту з боку беларускіх праваахоўнікаў.