«Звязаўся з BYPOL»: у МУС паведамілі пра затрыманне былога ваеннага-кантрактніка

Затрыманы былы вайсковец-кантрактнік. Як заявілі ў прэс-службе МУС, ён супрацоўнічаў з ініцыятывай BYPOL і выконваў даручэнні яе прадстаўнікоў.

regnum_picture_15693208731893714_normal.jpg

Міліцыя паведаміла аб затрыманні 24-гадовага выхадца Магілёўскай вобласці. Малады чалавек быў вайскоўцам-кантрактнікам, раней служыў у Віцебску і не раз удзельнічаў у вучэннях Сіл спецыяльных аперацый Беларусі за мяжой. Восенню мінулага года яго звольнілі з шэрагаў Узброеных сіл «за дэструктыўныя погляды і ўдзел у вулічных пратэстах».
— Пасля пераезду ў Мінскі раён малады чалавек звязаўся ў телеграм-канале з ініцыятывай BYPOL: падаў інфармацыю пра кіраванне сіл спецаперацый Узброеных сіл Беларусі. Затым атрымаў сваё першае заданне: праверыць дакладнасць даных пра супрацоўнікаў ГУБАЗіКа, якія даслаў іх былы калега Лупаносаў, — заявілі ў МУС.
Там распавялі, што для гэтага хлопец прыходзіў дадому да аднаго з названых у спісе людзей, меў зносіны з яго жонкай, аднак схаваўся, калі заўважыў яе мужа, які вяртаўся дадому. Затым прадстаўнікі ініцыятывы адправілі яго на пошукі машыны таго самага супрацоўніка і месцаў, дзе той паркуецца, папрасіўшы суправадзіць інфармацыю фотаздымкамі.
Неўзабаве пасля гэтага задання маладога чалавека затрымалі. Паводле слоў прэс-сакратаркі МУС Вольгі Чамаданавай, пры затрыманні мужчына аказаў сілавікам супраціў, з сабой у яго быў нож.
Чамаданава таксама заявіла, што хлопец прызнаўся, што «імкнуўся аказаць ціск на міліцыянтаў, каб тыя перасталі спыняць пратэсты, а таксама і цяпер ён гатовы на радыкальныя дзеянні, уключаючы прымяненне зброі».
На аператыўным відэа малады чалавек паведамляе, што са жніўня ўдзельнічаў у пратэстных акцыях і падтрымліваў сувязі з анархістам Мікалаем Дзядком, які быў затрыманы ў лістападзе і з'яўляецца фігурантам крымінальнай справы аб арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак.
У дачыненні да былога кантрактніка ўзбуджана крымінальная справа па артыкуле 365 («Умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка органаў унутраных спраў») Крымінальнага кодэкса Беларусі, які прадугледжвае ў якасці максімальнага пакарання тры гады пазбаўлення волі.
tut.by