Звольнены дырэктар музычнага каледжа ў Гродне. На яго ўчастку перамагла Ціханоўская

Дырэктара Гродзенскага музычнага каледжа Аляксея Саладухіна знялі з пасады ў пачатку лютага. Пра гэта распавялі Hrodna.life студэнты навучальнай установы. На прэзідэнцкіх выбарах у жніўні 2020 года Саладухін быў старшынёй участковай выбарчай камісіі і на яго ўчастку перамагла Святлана Ціханоўская.

kolledzh_1_2_1024x683.jpg

Аляксей Саладухін кіраваў музычным каледжам у Гродне больш за 20 гадоў. Пачынаў з выкладчыка, а на пасаду дырэктара прыйшоў у 1998 годзе.

Звольнілі дырэктара каледжа па пагадненні бакоў. Да 11 лютага ён яшчэ працуе. Студэнты думаюць, што прычынай сыходу з навучальнай установы магла стаць грамадзянская пазіцыя дырэктара. Пасля выбараў прэзідэнта ў каледжы зрабілі фатаграфію з участка з подпісам: «Тут выбары правялі сумленна».

kolledzh_1_1.jpg

«Знялі з пасады за тое, што не фальсіфікаваў выбары, і не звальняў студэнтаў і выкладчыкаў пасля пратэстаў. А ў выніку звольнілі яго без права на працаўладкаванне па спецыяльнасці», — распавяла набліжаная да каледжа крыніца.

«Калі ўбачу, скажу дзякуй»

Аляксей Міхайлавіч выявіў прынцыповую пазіцыю 9 жніўня і за гэта паплаціўся, кажа адзін з былых студэнтаў каледжа.

kolledzh_3.jpg

«Усім зразумела, што гэта помста. Кажуць, ужо тады яму ўзбучку зладзілі. Я нават здзівіўся што ён столькі прапрацаваў. Пасля выбараў студэнты яго яшчэ больш запаважалі. Ён і раней з добрага боку сябе выяўляў: студэнтаў моцна ў нас за пазіцыю не цягалі, у БРСМ ніколі сілай не заганялі. У сябе на прадмеце ён на беларускай мове добра казаў. Таму яго, вядома, студэнты і выпускнікі спрабавалі падтрымаць. З расцяжкамі выходзілі пасля выбараў, лісты збіралі, падзякі. Калі я яго ўбачу, сапраўды дзякуй яму скажу», — распавёў адзін з былых студэнтаў каледжа.

У пачатку лютага ў каледжы прайшоў педагагічны савет, дзе дырэктар абвясціў калегам, што сыходзіць па ўласным жаданні.

«Для нас гэтая навіна была непрыемная. Калектыў засмучаны, таму што гэта добры дырэктар, выдатны кіраўнік, але ён прыняў такое рашэнне і прасіў падтрымаць у яго выбары. Спадзяемся, што ён застанецца ў нашым каледжы як выкладчык», — кажа адзін з выкладчыкаў.

Студэнты: «У бліжэйшы час у каледжы абяцаюць праверкі і скарачэнні»

Дзеючы студэнт каледжа Сяргей (імя зменена) распавёў, што навучэнцы даведаліся пра звальненне дырэктара ад выкладчыкаў.

«Спачатку прыязджала праверка ў каледж і нейкія людзі былі ў кабінеце дырэктара. На наступны дзень выкладчыкі сабралі студэнтаў і сказалі: «Трагедыя ў каледжы — у нас знялі дырэктара». Прычыну ніхто не тлумачыў, але і так было ўсё зразумела».

Сяргей кажа, што студэнты былі ў шоку ад звальнення дырэктара. За гады працы ён шмат зрабіў для каледжа.

«Ён у адносінах да студэнтаў заўсёды быў добрым, сумленным і справядлівым. Усе разумелі, што яго здымуць пасля жніўня, але ніхто не ведаў, калі гэта адбудзецца. У найбліжэйшы час у каледжы абяцаюць праверкі і скарачэнні выкладчыцкага складу. А яшчэ чуткі ходзяць, што каледж і зусім могуць закрыць — аб'яднаць з іншымі».

kolledzh.jpg

Пайшоў па пагадненні бакоў

Журналіст Hrodna.life звязаўся з Аляксеем Саладухіным. Ён распавёў, што сапраўды сыходзіць з каледжа, але прычыны не назваў.

«Сыходжу сапраўды па пагадненні бакоў», — сказаў Аляксей Саладухін.

У Гродзенскім аблвыканкаме звальненне дырэктара музычнага каледжа ніяк не сталі каментаваць.

Дырэктара каледжа знялі і ў Брэсце

У лістападзе ў Брэсце знялі з пасады дырэктара музычнага каледжа Алега Роўда. На выбарах 2020 года на яго ўчастку таксама перамагла Святлана Ціханоўская. Фотаздымак пратаколу з музкаледжа ёсць на платформе «Голас». Згодна з дакументам, за Ціханоўскую прагаласаваў 701 чалавек. На другім месцы Аляксандр Лукашэнка — 464.