Жыццё асуджанаму да смяротнага пакарання ратуюць кропельніцамі
Практычна месяц, а дакладна з 27 чэрвеня, трымае галадоўку ў камеры смяротнікаў следчага ізалятара №1 Ігар Гершанкоў. На такі суровы пратэстны крок асуджанага да смяротнага пакарання жыхара Магілёва падштурхнула парушэнне ягонага права на перапіску.
Усе скаргі Гершанкова ў Генеральную пракуратуру, Дэпартамент выканання пакаранняў, у беларускае прадстаўніцтва ААН, а таксама многія лісты да родных, не даходзяць да адрасатаў.
Пад час чарговага кароткатэрміновага спаткання, якое адбылося 25 ліпеня, маці асуджанага Гершанкова – Людміла Адамаўна – не змагла пазнаць уласнага сына.
“Ён за гэты месяц галадоўкі схуднеў на 18 кілаграм, вочы сталі нежывыя, ледзьве ногі перасоўвае, нават гаворыць з цяжкасцю, запінаючыся на кожным слове”, — са скрухаю распавядала яна.
Размаўляючы з сынам жанчына даведался, што ў першыя дні ён трымаў сухую галадоўку, а потым Ігару прымусова пачалі ставіць кропельніцы. Пры гэтым у камеру заходзяць міліцыянты ў бронекамізэльках і масках, відаць дзеля таго, каб ён не супраціўляўся.
Ігар Гершанкоў вымушаны быў пісьмова звярнуцца да начальніка СІЗА, з просьбай, каб адмянілі тыя кропельніцы, бо пасля іх становіцца яшчэ горш, пачынаюцца сутаргі, кружыцца галава, аднак ягоная скарга засталася без увагі. А літаральна дзень таму з гэтай нагоды ён напісаў ліст у Міністэрства аховы здароўя. Толькі вось упэўненасці, што скарга дойдзе да адрасата ў асуджанага няма.
Пры гэтым маці дастае лісток паперы і пералічвае: "Вось сын адпраўляў лісты 23 красавіка, 8 траўня, 28 чэрвеня – ніводны з іх я не атрымала".
“Мы з дачкой прывезлі яму сёння прадуктовую перадачу, аднак Ігар адмовіўся ад яе, сказаў, каб забрала назад, бо тады гэтая вымушаная галадоўка не будзе мець аніякага сэнсу. Павязу цяпер гэтую перадачу назад, у Магілёў”, – кажа маці.
Людміла Гершанкова заўважыла, што на апошнім спатканні, акрамя ахоўнікаў, у памяшканні прысутнічаў нейкі высокапастаўлены міліцэйскі чын, а таксама мужчына ў цывільным, падобны на аператыўніка, які пры іх размове нешта занатоўваў. Магчыма такая ўвага звязаная з тым, што па некаторых звестках Магілёўская абласная пракуратура праводзіць праверку па заяве аб катаваннях у дачыненні да Гершанкова.
Маці кажа, што перад сустрэчай нехта з кіраўніцтва СІЗА папярэдзіў сына, каб той не сказаў у размове чаго лішняга, бо тады гэтае спатканне можа стаць апошнім, а яго змесцяць у карцар.
Аднак яна змагла паведаміць сыну, што Камітэт ААН па правах чалавека 13 ліпеня пацвердзіў рэгістрацыю ягонага індывідуальнага зварота і што ў сувязі з гэтым павінны быць прынятыя часовыя меры аб прыпыненні выканання смяротнага пакарання да таго часу, пакуль Камітэт будзе разглядаць зварот.
Па прысудзе Магілёўскага абласнога суда 21 ліпеня Сямён Беражной, а таксама муж і жонка Ігар і Таццяна Гершанковы абвінавачваліся ў здзяйсненні забойстваў і падрыхтоўцы да здзяйснення забойстваў, выкраданні чалавека і падрыхтоўцы да выкрадання, а таксама ў махлярстве, разбоі, вымагальніцтве, крадзяжы або знішчэнні дакументаў. Таццяну Гершанкову дадаткова абвінавацілі ў незаконным абароце наркотыкаў або псіхатропаў. Судом было ўстаноўлена, што злачынная група агулам зарабіла на махінацыях з чужым жыллём больш за 2 мільярды недамінаваных рублёў.
Удзельнікам злачыннай групоўкі былі вынесеныя наступныя прысуды: Ігару Гершанкову – вышэйшая мера пакарання — растрэл; Сямёну Беражнову – вышэйшая мера пакарання — растрэл; Таццяне Гершанковай – 24 гады турмы з канфіскацыяй маёмасці; Барысу Калеснікаву – 22 гады і 1 месяц калоніі строгага рэжыму.
20 снежня 2017 года Калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда Беларусі вынесла рашэнне па апеляцыйных скаргах двух фігурантаў так званай справы магілёўскіх «чорных рыэлтараў» Ігара Гершанкова і Барыса Калеснікава: прысуд Магілёўскага абласнога суда ад 21 ліпеня пакінуць у сіле, а скаргі без задавальнення.