Жыхара Баранавічаў асудзілі на год «хіміі» за тое, што сарваў дзяржаўны сцяг і пакінуў яго на лаве
У судзе Баранавічскага раёна і г. Баранавічы 30 жніўня разглядзелі крымінальную справу ў дачыненні да 21-гадовага Валерыя Нямкевіча, якога вінавацілі ў здзеку з дзяржаўнага сцяга. Пра гэта піша «Вясна».
![Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева](/img/v1/images/_julija_juhno___sud___ekanamiczny_sud__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__7__logo_1_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева
Пракурорка Святлана Пасемка зачытала абвінавачанне, згодна з якім 17 красавіка Валерый меў намер на здзек і імкненне публічна прадэманстраваць сваё непаважлівае стаўленне да дзяржаўных сімвалаў, у прысутнасці старонніх грамадзянаў праявіў паказную смеласць і дзёрзкія паводзіны — сарваў са сцяны ЖРЭА разам з кранштэйнам дзяржаўны сцяг, пранёс яго да лаўкі насупраць Дома гандлю «Вясёлка» і пакінуў там. Дзеянні абвінавачанага былі кваліфікаваныя па арт. 370 КК.
Суддзя Сяргей Данільчык палічыў віну Нямкевіча даказанай у поўным аб'ёме і асудзіў яго на адзін год абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.