Жыхары мінскай Грушаўкі: «Нас загналі ў завулкі жыцця»
Жыхары двух дзясяткаў прыватных драўляных хацін, што месцяцца ў цэнтры Мінска на частцы вуліцы Разінскай ды ў трох завулках — Талінскім, 6-ым ды 7-ым Чыгуначных — выйшлі на стыхійны мітынг.

Падставай паслужыла атрыманая імі папера з Маскоўскага райвыканкама аб адмене зносу іх жытла, якое не мае нават звычайных камунальных паслуг — ацяплення, водазабеспячэння і каналізацыі. Пры тым, што ўлады абяцанкамі-цацанкамі перасяліць у цывілізаванае жытло кормяць некалькі сотняў жыхароў дзесяцігоддзямі.


Гэтым разам жыхары «завулкаў», як яны самі сабе клічуць, гаварылі не пра сваё жыццё-быццё ў перакошаных убогіх дамках з дзе-нідзе дзіравымі стрэхамі, якое адкрыта называюць «скоцкім», але пра «скоцкія» паводзіны ўлады ў дачыненні да іх. Апошнія забаранілі будаўніцтва нават на іх кволых па памерах участках.
Пачаў расповед знаёмы па мінулай вандроўцы Сяргей Кабанаў, які пражывае тут ужо 40 гадоў.
Сяргей Кабанаў:
— Нам кажуць, адзінае выйсце — знайсці спонсара, які б выкупіў гэты кавалак зямлі. Але хто паласуецца сёння на квадратны метр за 2 млн старымі, улічваючы вялізныя падаткі да 20%. Для паказухі будуюць аграгарадкі, а ў цэнтры Мінска зрабілі гарлемскія трушчобы! Дайце веры, тры прыпынкі да галоўпаштамта! І як ты жывеш, нікога не хвалюе!

Далучаюцца жыхары, якіх сабралася з навакольных дамоў да паўтара дзесятка:
— Былі ў райвыканкаме — там кажуць, каб фарбавалі хаты і латалі дзіры, каб знешні выгляд паляпшаць. Заклікаюць нават не працаваць, як у савецкія часы — жыць «для галачкі». Учора ў газеце прачытаў, што 26 квадратных метраў прыходзіцца на сярэдняга беларуса, а ў 2017 узрасце да 30 — гэта пра каго? Ад часоў СССР, як толькі выбары — расказваюць як нас будуць зносіць і якія добрыя кватэры наўзамен чакаюць. А выберуць таго кандыдата — і памінай, як клікалі… У нас дамы, у асноўным, з 50-х гадоў мінулага стагоддзя. Капітальнага рамонту нідзе і ніколі не было. Нават не захавалі супрацьпажарнай абароны. Загарыцца — і ўсе запалаем разам! Хоць «пажарка» побач — не ўздымаюць «пытання». І праводка гнілая: іскра — і ўсё… Мы закрытыя тут! Я казаў старшыні райвыканкама — вы адмыслова схавалі сярод гмахаў нас , як індзейцаў у рэзервацыі? 500 тысяч плачу «за кацёл». За капрамонт цягнуць грошы, але яго ніколі не было — усё робім самі! Я ў іх спытала — а што ў той рамонт уваходзіць? Сказалі — вываз смецця. Нібы, не ведаюць, што гэта асобна аплачваецца.
— Вы за гэтыя гады хоць чаго-небудзь дамагліся? — запыталася “Радыё Рацыя”.
— Нічога, усё бессэнсоўна…Без сэнсу…


Асаблівае абурэнне «завулкаўцаў» выклікае тое, што іх кволыя хаціны месцяцца ў атачэнні спартыўнага комплексу ды інтэрната Акадэміі кіравання пры Адміністрацыі прэзідэнта, шыкоўных гасцінічных апартаментаў “Камфорт” ды ў кіламетры ад сталічнага Галоўпаштамта. І, маўляў, чарговым паперам ад уладаў яны ўжо не павераць.


Віталь Сямашка, www.racyja.com
Фота аўтара