85-гадовы Мікалай Чаргінец больш не кіраўнік Саюза пісьменнікаў. Хто яго змяніў?

85-гадовы Мікалай Чаргінец сышоў з пасады кіраўніка праўладнага «Саюза пісьменнікаў Беларусі». Такое рашэнне прыняў з'езд гэтай арганізацыі, які адбыўся 22 сакавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы.

nikolay_cherginec.jpg


Чаргінец з’яўляўся першым і да сённяшняга дня адзіным кіраўніком «Саюза пісьменнікаў Беларусі» (СПБ). Гэтая арганізацыя з’явілася ў 2006-м. Тады частка літаратараў, якая знаходзілася на праўладных пазіцыях, выйшла з адзінага «Саюза беларускіх пісьменнікаў» (СБП), які існаваў яшчэ з сярэдзіны 1930-х гадоў.

СПБ атрымаў дзяржаўную падтрымку, памяшканні ў будынку Дома літаратара ў цэнтры Мінска, адабранага ў СБП, які канфліктаваў з Лукашэнкам, а таксама кантроль над літаратурнымі выданнямі.

У літаратуры Чаргінец атрымаў вядомасць як аўтар міліцэйскіх дэтэктываў («Следства працягваецца», «Фінал Краба», «Вам — заданне» і інш.).

У маладосці з'яўляўся футбалістам, гуляў непрацяглы час у вышэйшай лізе чэмпіянату СССР, сышоў у органы ўнутраных спраў. Даслужыўся да звання генерал-лейтэнанта ўнутранай службы, з’яўляўся начальнікам упраўлення крымінальнага вышуку МУС БССР.

Больш за дзесяць гадоў узначальваў камісію па міжнародных справах у Савеце Рэспублікі (1996-2008), у 2001-м з’яўляўся даверанай асобай Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах. У тым жа годзе ён адмаўляў датычнасць вышэйшых чыноўнікаў да знікнення апазіцыйных палітыкаў.

Рашэннем з'езду СПБ Чаргінец стаў ганаровым старшынём арганізацыі. «Саюз пісьменнікаў Беларусі» ўзначаліў экс-міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч — аўтар казак (напрыклад, «Мудры Шубуршун») і краязнаўчай літаратуры («Сцежкамі Ігуменшчыны», «Краязнаўчы рэсурс у вывучэнні беларускай літаратуры» і інш.).

Карлюкевіч нарадзіўся ў 1964 годзе, скончыў факультэт журналістыкі Львоўскага вышэйшага ваенна-палітычнага вучылішча, служыў ваенным журналістам у савецкай і беларускай арміі. Працаваў журналістам у шэрагу беларускіх СМІ, у тым ліку галоўным рэдактарам газет «Чырвоная змена», «Літаратура і мастацтва», «Звязда». У 2017-2020 гадах з'яўляўся намеснікам міністра і міністрам інфармацыі.

У жніўні 2020 года журналісты Выдавецкага дома «Звязда», куды ўваходзіць аднайменная газета, паспрабавалі арганізаваць страйк, але не змаглі сабраць неабходную колькасць подпісаў за яго правядзенне. У выніку кіраўнік «Звязды» Павел Сухарукаў сышоў у адстаўку, а яго пасаду зноў заняў Карлюкевіч. Кіраўніцтва выдавецкім домам і газетай ён будзе сумяшчаць з пасадай у «Саюзе пісьменнікаў».