Адкрылася IV біенале выяўленчага мастацтва (шмат фота)

Вечарам 27 лістапада ў Мінску, у Палацы мастацтва адкрылася IV біенале жывапісу, графікі і скульптуры “Формазмест-703”, арганізаваная Беларускім саюзам мастакоў.



У экспазіцыі, што займае ўсе залы палацу, дэманструюцца 367 твораў выяўленчага мастацтва, створаных 238 жывапісцамі, графікамі і скульптарамі за апошнія два гады. Прычым, каб гэтыя мастакі атрымалі права выставіцца, іхнія творы прайшлі жорсткі прафесійны адбор.

Выстава — сінтэз розных стыляў, у тым ліку традыцыйнага фігуратыўнага і сучаснага актуальнага мастацтваў, творцаў розных пакаленняў і грамадзянскай мужнасці асэнсаваць выклікі часу і даць на іх адэкватны адказ.

Вось чаму ў экспазіцыі ёсць творы, у якіх па-мастацку адлюстроўваюцца  актуальныя падзеі і пачуцці аўтараў. Гаворка ідзе пра жывапісныя працы Сяргея Рымашэўскага “Развітанне славянкі”, Андрэя Пяткевіча “Сняданак танкіста” і Алеся Мары (Аляксея Марачкіна) “Дровы-2. Сям’я”. У гэтым палатне вядомы беларускі мастак прадставіў звычайную беларускую сям’ю, якая ўспрымае сённяшнія падзеі вакол Украіны менавіта так, як іх падаюць расійскія электронныя СМІ. Аб гэтым няспынным замбаванні людзей нагадвае невялікі сцяжок Расіі на спадарожнікавай антэне, якая нясе беларусам лухту пра  “Русский мир” і апраўдвае жаданне Крамля навязаць яго сваім суседзям. А ў графічнай працы вядомага беларускага графіка Уладзіміра Вішнеўскага “За нашу і вашу вольнасць” увасоблены мужны вобраз выбітнага айчыннага праваабаронцы Алеся Бяляцкага.       

Біенале — гэта не толькі выстава, але і творчае спаборніцтва мастакоў у трох намінацыях выяўленчага мастацтва. Удзельнікі адкрыцця атрымалі “Бюлетэнь для галасавання гледачоў”, дзе трэба пазначыць па тры лепшых творы жывапісу, графікі і скульптуры. Вынікі гэтага галасавання будуць улічаны сябрамі прафесійнага журы з айчынных мастацтвазнаўцаў, якія прыкладна праз тыдзень аб’явяць імёны пераможцаў творчага конкурсу.  

Выстава працуе па 14 снежня.