Актывіст распісаў казарму Берасцейскай крэпасці савецкімі лозунгамі — яму пагражае штраф (відэа)

Берасцеец без узгаднення з уладамі вырашыў аднавіць савецкія лозунгі, якія ў канцы 1940-х гадоў нанеслі на адну з казармаў Берасцейскай крэпасці раскватараваныя там салдаты. Рамонт казармаў і аднаўленне надпісаў мясцовыя ўлады прызналі псаваннем культурнай каштоўнасці, і цяпер ініцыятару такой рэканструкцыі пагражае буйны штраф.

currenttime.tv

currenttime.tv

Берасцеец Пётр Піцко — каардынатар акцыі «Бессмяротны полк» у родным горадзе, а таксама былы сакратар Берасцейскага гарадскога камітэта БРСМ. Паўгода таму яго прызначылі кіраўніком Моладзевага патрыятычнага цэнтра на тэрыторыі крэпасці. Тады ў Пятра і з'явілася ідэя аднавіць адну з закінутых даваенных казармаў насупраць свайго офіса.


Будынак знаходзіўся ў аварыйным стане, а ўчастак вакол зарос хмызняком і дрэвамі. Пётр вырашыў, што ўзгадненняў на аднаўленчыя работы яму не спатрэбіцца, і ўзяўся за працу.
Сваё жаданне ён тлумачыць тым, што з крэпасцю звязана ўсё яго жыццё: «Гэта проста, я маю на гэта права», — лічыць Пётр Піцко.

currenttime.tv

currenttime.tv

З групай аднадумцаў кіраўнік моладзевага цэнтра спілаваў кусты і дрэвы вакол закінутых казармаў, пабітыя вокны замяніў на банеры з фотаздымкамі ваенных рэканструктараў у форме салдат Чырвонай арміі і вермахта. Затым ён узяўся за абнаўленне савецкіх лозунгаў эпохі Сталіна. Але ідэя спадабалася далёка не ўсім.
Ігар Маслоўскі, кіраўнік арганізацыі «За свой горад», звярнуўся ў Міністэрства культуры Беларусі з патрабаваннем прыбраць савецкую сімволіку і цытаты Сталіна з будынку крэпасці. «Гэтыя казармы пабудаваныя задоўга да савецкай улады — там была Расійская імперыя, Польшча, Трэці рэйх, Саветы ... Гэтыя надпісы, зробленыя ўжо пры Савецкім Саюзе, на мой погляд, каштоўнасці не ўяўляюць», — лічыць Маслоўскі.
Ён перакананы, што рэканструктары, працуючы без узгаднення, не толькі парушылі закон, але і спрабуюць рэабілітаваць сталінізм: «Яны прапагандуюць тую эпоху, якой нам нельга ганарыцца».
Мінкульт, а таксама ўлады Брэста пагадзіліся з ім у тым, што самавольны рамонт нашкодзіў гісторыка-культурнай каштоўнасці Берасцейскай крэпасці, і запатрабавалі прыбраць усе надпісы і банеры з фасада гістарычнага будынка. Пятру і яго калегам пагражае штраф да 6000 долараў. Але Піцко перакананы, што ўсё зрабіў правільна.
«Калі мне паступіць загад, указанне вярнуць гэтую тэрыторыю ў першапачатковы выгляд — раскідаць тут бутэлькі, шпрыцы, зрабіць вокны зноў пачварна забітымі дошкамі, вырванымі з падлогі гэтых казематаў, зноўку запэцкаць падваконнікі брудам, закаркаваць вентыляцыю, каб памяшканні далей гнілі, — я гэта зраблю», — адказвае ён.

currenttime.tv

currenttime.tv

Не абыйшла гэтую гісторыю мясцовая прэса, пасля чаго Пётр Піцко пакінуў сваю пасаду ў моладзевым цэнтры пры Берасцейскай крэпасці. Раптоўны сыход ён назваў асабістым рашэннем, якое не звязана з канфліктам. Савецкія лозунгі і цытаты Сталіна пакуль засталіся на сценах казармы.
Серж Харытонаў, currenttime.tv