Альгерд Бахарэвіч адмовіўся ўдзельнічаць у Прэміі Гедройца


14 чэрвеня закончыўся прыём заявак на ўдзел у літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца. Прэтэндаваць на перамогу могуць кнігі, напісаныя на беларускай мове ў жанрах мастацкай і дакументальнай прозы, выдадзеныя ў папяровым альбо электронным варыянце паміж 1 студзеня і 31 снежня 2018 года.

gedroyc.jpg

Падчас першага пасяджэння журы разгледзела дасланыя заяўкі і зацвердзіла поўны спіс намінаваных на прэмію кніг. Сёлета ён складаецца з 34 пазіцый.
Поўны спіс намінантаў 1.     Міхал Андрасюк. Поўня. — Беласток: Праграмная рада тыднёвіка “Ніва”2.     Яўген Аснарэўскі. Трыкутнік Караля. — Электронная кнігарня Янушкевiч3.     Алесь Аркуш. Спадчына. — Полацак: Выдавецкая ініцыятыва "Полацкае ляда"4.     Сяргей Белаяр. Расследаванні інспектара Сарвы. — Мінск: Галіяфы5.     Алена Брава. Садомская яблыня. — Мінск: Галіяфы6.     Алесь Бычкоўскі. Дабрадзеі і гармідар квантавай літаратуры. — Мінск: Галіяфы7.     Зміцер Вішнёў. Калі прыгледзецца — Марс сіні. — Мінск: Янушкевіч8.     Валер Гапееў. Пазл. — Мінск: Галіяфы9.     Радзім Гарэцкі. Апантаны Бацькаўшчынай. Жыццёвы меландж-2. — Мінск: Кнігазбор10. Адам Глобус. Казкі сталічныя. — Мінск:     Кнігазбор11. Андрэй Горват. Прэм’ера. — Мінск: Медысонт12. Зоя Доля. Час пасля Саюза. — Мінск: Медысонт13. Сяргей Дубавец. Д’ябал запрэжаны ў плуг. — Вільня: Логвінаў14. Зінаіда Дудзюк. Гонды. — Брэст: Альтэрнатыва15. Кацярына Захарэвіч. Вогненны птушкалоў. — Мінск: Кнігазбор16. Яўген Зубовіч. Беларускі палкоўнік. Кніга 1. — Мінск: Пазітыў-цэнтр17. Сяргей Календа. Часам панкі паміраюць. — Вільня: Логвінаў18. Мікола Калядны. Судуманьне. — Мінск: Галіяфы19. Алесь Кіркевіч. Самурай. — Мінск: Кнігазбор20. Сцяпан Корф. Палескі дыярыуш дывізіі Серакоўскага. — Мінск: Кнігазбор21. Алесь Мара. Ад Магніта-Балабуя да Готланда. — Мінск: Галіяфы22. Уладзімір Мароз. Тры сшыткі (Том 2. Выбранае ў трох тамах). — Мінск: Галіяфы23. Віктар Марціновіч. Ноч. — Мінск: Кнігазбор24. Вінцэсь Мудроў. Помнік літары Ў. — Мінск: Янушкевіч25. Людміла Рублеўская. Пантофля Мнемазіны. — Мінск: Янушкевіч26. Ільля Сін. Libido. — Мінск: Кнігазбор27. Дар'я Трайдэн. Крыштальная ноч. — Мінск: Кнігазбор28. Станіслава Умец. Сэрца Сакры. — Мінск: Мастацкая літаратура29.   Андрэй Федарэнка. Сузіральнік. — Мінск: Кнігазбор30. Каміла Цень. Сакрэт фірмы. — Электронная кнігарня Янушкевiч31. Каміла Цень. Я прыду за табой у аўгусце. —  Электронная кнігарня Янушкевiч32. Сяргей Шапран. У пошуках сэнсу. Інтэрв'ю і дыялогі са Святланай Алексіевіч. — Смаленск: Інбелкульт33. Юлія Шарова. Вяртанне Ліліт. — Мінск: Янушкевіч.34. Сяргей Шупа. Падарожжа ў БНР. — Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода
Асобна журы спынілася на намінацыі кнігі Альгерда Бахарэвіча «Мае дзевяностыя». Выдавецтва «Янушкевіч» вылучыла шэраг кніг на прэмію, але гэтай у спісе не згадала. Маючы права намінаваць кнігу самастойна, журы настойліва прапанавала сакратарыяту ўзнагароды звярнуццца да выдаўца і аўтара з просьбай прадаставіць электронную версію выдання і такім чынам выканаць вымогі Статуту да намінацыі кніг. У выніку праведзеных перамоваў сакратарыят атрымаў ліст ад Альгерда Бахарэвіча з адмовай удзельнічаць у сёлетняй Прэміі Гедройца: «Гэтым лістом я хачу афіцыйна паведаміць Вам, што мной было прынятае рашэньне не ўдзельнічаць сёлета ў розыгрышы прэміі Ежы Гедройца. Такое рашэньне прынятае з шэрагу самых розных прычын, якія маюць як сьветапоглядны, так і творчы, а таксама асабісты характар. Мае погляды на літаратуру і літаратурны працэс не дазваляюць мне браць удзел у прэміяльнай гонцы». Такім чынам, кніга «Мае дзевяностыя» не была ўключаная ў агульны спіс намінантаў.
У журы Прэміі Гедройца сёлета ўвайшлі: Пятро Васючэнка, пісьменнік, літаратуразнаўца; Максім Жбанкоў, культуролаг, крытык, эсэіст; Жана Капуста, літаратурны крытык, літаратуразнаўца; Марыя Мартысевіч, паэтка, перакладчыца, арганізатарка культурніцкіх праектаў; Анжэла Мельнікава, літаратуразнаўца; Алесь Пашкевіч, празаік, літаратуразнаўца, першы намеснік старшыні Саюза беларускіх пісьменікаў; Ганна Севярынец, празаік, архівіст, літаратуразнаўца, настаўніца.
Прэмія імя Ежы Гедройца ўручаецца з 2012 года за найлепшую кнігу ў жанры мастацкай i дакументальнай прозы і мае статус галоўнай незалежнай літаратурнай узнагароды Беларусі. Папярэднія пераможцы Прэміі: Павал Касцюкевіч, «Зборная РБ па негалоўных відах спорту» (2012), Уладзімір Някляеў, «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без» (2013), Ігар Бабкоў, «Хвілінка: Тры гісторыі» (2014), Віктар Казько, «Час збіраць косці» (2015), Макс Шчур, «Завяршыць гештальт» (2016), Зміцер Бартосік, «Быў у пана верабейка гаварушчы» (2017), Уладзімір Арлоў, «Танцы над горадам» (2018).
Урачыстая цырымонія ўзнагароджання адбудзецца 25 верасня ў прасторы ZALA#2, што ў мінскім Палацы мастацтваў.
Паводле прэс-рэлізу