«Паходня» – першы хрысціянскі літаратурны зборнік

Суполка «Ліцвінcкі клуб» 26 чэрвеня зладзіла прэзентацыю ўнікальнага хрысціянскага літаратурнага зборніка «Паходня». Гэта першае выданне ў гісторыі Беларусі, дзе пад адной вокладкай сабраныя творы беларускіх аўтараў, аб’яднаныя агульнымі хрысціянскімі каштоўнасцямі.

1_210_logo.jpg

У зборнік увайшлі творы такіх аўтараў, як Зміцер Дашкевіч, Ніна Лістота, Дар’я Шэіна, Алег Рукаль і іншыя. Большасць з іх выступілі на вечарыне, а па іх творах былі разыграныя тэатральныя сцэнкі.
Падчас прэзентацыі ў Мінску можна было не толькі пачуць аўтараў і паразмаўляць з імі, але і паўдзельнічаць у дыскусіі пра беларускую літаратуру ў ХХІ стагоддзі, набыць зборнік. Прысутных чакалі як тэатральныя пастаноўкі, так і забавы. А на вячэру гасцей частавалі халадніком з печанай бульбай па-вясковаму.
Зборнік «Паходня» падзелены на жанравыя раздзелы. Раздзел «Проза» адкрывае гістарычнае апавяданне Алега Рукаля «Над ракой каля Клецку». Алег Чудакоў прапануе для падлеткаў прыгодніцкую аповесць «Божыя мушкецёры. Келіх». І тут варта адзначыць, што гэта першы прыклад такога жанру ў беларускай хрысціянскай літаратуры. Далей можна азнаёміцца з турэмным апавяданнем Змітра Дашкевіча «Навагодняя ноч».
Не забыліся і пра дзетак. Напрыканцы раздзела – казка пачынаючага аўтара Надзеі Сарокі «Пра каралеўскіх белых мышэй і іх адважнага сцяганосца».  
У раздзеле «Паэзія» прадстаўлены творы Ніны Лістоты, Дар’і Шэінай і Надзеі Гарэцкай. Раздзел «Пераклады» прапануе ўвазе чытачоў вядомую расійскую п’есу «Цмок», напісаную Яўгеніем Шварцам у 1943 годзе. Апроч таго, можна прачытаць першыя тры раздзелы знакамітай кнігі Клайва Льюіса «Проста хрысціянства» ў перакладзе Вольгі Жандаравай. Дарэчы, кніга лічыцца самым уплывовым хрысціянскім літаратурным творам ХХ стагоддзя.
Пад канец зборніка змешчаны водгук маладой аўтаркі Марыны Марчык на дакументальную кнігу «Курапаты: дарога смерці» і інтэрв’ю з Яўгенам Зубовічам, аўтарам гістарычнага рамана «Беларускі палкоўнік».


Зборнік «Паходня» задуманы з мэтай даць магчымасць аўтарам, якія шануюць біблійныя прынцыпы і традыцыі беларускай літаратуры, апублікаваць свае творы і давесці свае словы, думкі і меркаванні да чытача. Часопіс «Паходня» запрашае беларускамоўных аўтараў і перакладчыкаў на беларускую мову, якім блізкія класічныя хрысціянскія каштоўнасці ў літаратуры, да ўдзелу. Гэта не абавязкова мусяць быць творы на хрысціянскія тэмы, ці з асновай з біблейскіх сюжэтаў. Галоўнае, каб творы неслі дабры пасыл і змест адпавядаў хрысціянскім каштоўнасцям.
Дасылаць свае тэксты можна на адрас: pachodnia@gmail.com