Антон Астаповіч: «Выканкаму даўно не да гісторыка-культурнай спадчыны…»

Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры звярнулася ў Генеральную пракуратуру.

zamak.jpg.webp

Днямі стала вядома, што ў вёсцы Зембін Барысаўскага раёна адбылося «абрушванне канструкцый сцяны правага бакавога фасада касцёла, які з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю 2-й катэгорыі і ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь».

«Яшчэ ў 2011 годзе былі намеры з боку Барысаўскага выканкама па выключэнні гэтага касцёла з Дзяржспіса і яго руйнаванні ў перспектыве, — паведаміў старшыня Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч. — Інфармацыя, якая была нам своечасова перададзена, дапамагла спыніць гэты працэс.

Наша грамадскае аб’яднанне выступала з ініцыятывамі па ўратаванні руін, з гэтай нагоды звярталіся ў райвыканкам. Гэта можна пацвердзіць і дакументальна. Прапаноўваліся рэальныя крокі, але з боку выканкама нічога не было зроблена, акрамя паказушнага суботніка БРСМ у 2012 годзе, пасля якога мы выграбалі з касцёла пустыя піўныя пляшкі.

Затое мы некалькі разоў ладзілі талаку без усялякай падтрымкі мясцовых улад.

Нічога не робіцца з боку выканкама і ў дачыненні будынка былой міквы, якая атрымала дзякуючы нам статус, а ў дадзены момант імкліва дэградуе. Так што мясцоваму выканкаму даўно не да гісторыка-культурнай спадчыны. Мяркую, калі б зусім не было ў раёне помнікаў, то для іх была б ідэальная сітуацыя».

Грамадскае аб’яднанне ў сваім звароце ў Генпракуратуру адзначае: паводле атрыманых, але неправераных звестак, па ініцыятыве Барысаўскага райвыканкама плануецца дэмантаж канструкцый галоўнага фасада касцёла са спасылкай на іх аварыйны стан, што можа прывесці да парушэння асобных артыкулаў Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры.

«У такім выпадку гэтыя дзеянні будуць мець прыкметы не толькі адміністрацыйнага парушэння, але іх можна будзе кваліфікаваць згодна з ч.2 арт.344 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, — гаворыцца ў звароце. — У сувязі з вышэйсказаным просім узяць пад кантроль працу Барысаўскага райвыканкама ў сферы аховы і захавання гісторыка-культурнай спадчыны і выкананне прац па захаванні канструкцый касцёла ў в.Зембін».

 Народная Воля