Музыкі мінскага камернага хора запісалі кліп з захаваннем сацыяльнай дыстанцыі
Мінскі камерны хор Salutaris прэзентаваў першы ў Беларусі музычны кліп, запісаны ва ўмовах сацыяльнай дыстанцыі і з захаваннем мер бяспекі.
![sxnsck9x2p0.jpg sxnsck9x2p0.jpg](/img/v1/images/sxnsck9x2p0.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Музыкі выканалі твор Марэка Рачыньскага "Gaudeamus Omnes" (Узрадуемся ўсе). Здымкі праходзілі ў канцы мая на Мінскім моры. Як бачна з відэа, удзельнікі калектыву стаяць на адлегласці каля двух метраў адзін ад аднаго. Сам гук быў запісаны ў працэсе здымак кліпа.
Рэжысёр кліпа і крэатыўны дырэктар хору Дзяніс Жыгуноў распавёў: "З сакавіка хор прыпыніў рэпетыцыі, але жыць без харавых спеваў удзельнікам было складана, таму яны, вывучыўшы фактары небяспекі, зрабілі невялікую сустрэчу на беразе Мінскага мора, захоўваючы дыстанцыю і нават зрабіўшы аўдыё-відэа запіс аднаго з твораў. Атрымалася нядрэнна. Вядома, па водгуках удзельнікаў, падчас такой "адносна бяспечнай рэпетыцыі" чуць розныя харавыя партыі аказалася даволі складана, бо хор расцягваецца ў выніку ў лінію працягласцю 30 і больш метраў".
Камерны хор Salutaris — незалежны музычны калектыў, быў заснаваны ў 2007 годзе, за больш чым 10 гадоў паспеў наведаць дзясяткі краін і стаць пераможцам і прызёрам розных міжнародных конкурсаў.