Дасье ў карыкатурах: Прыдумаць турызм нанова
З-за эпідэміі летнія адпачынкі ў гэтым годзе будуць фенаменальнымі. Уся старая турыстычная інфраструктура ледзь працуе ў новых умовах. Таму некаторыя эксперты прапануюць задумацца аб стварэнні новага тыпу турызму. Праілюстраваць крызіс старога турызму і стварыць мадэль новага дапамагаюць таксама карыкатурысты.

Знайсці прыклады таго, што ўчарашні турбізнес у часы віруса тармазіць — не складана. Дастаткова згадаць сектар авіяперавозак. Закрытыя межы не дазваляюць падарожнічаць самалётамі. Але пралабіраваць адкрыццё кардонаў для авіякампаній гэта яшчэ палова справы. Таксама неабходна пераканаць пасажыраў у бяспецы падчас палёту. Карыкатурыст выдання Corea Times прапануе свой варыянт выратавання галіны.

Да гэтага часу не зразумела як будзе выглядаць рэжым адпачынку на традыцыйных курортах. Каб забяспечыць адсутнасць патэнцыйна небяспечных кантактаў, курортнікаў трэба ізаляваць. Але для забеспячэння такой меры не абысціся без строга кантролю і часовай рэгламентацыі знаходжання ў некаторых зонах. Зыходзячы з гэтых крытэрыяў мастак французскага выдання Rigolet прапанаваў сваё бачанне як будзе выглядаць адпачынак на курортах у гэтым годзе.

Негатыўна могуць адбіцца на турызме і псіхалагічныя адхіленні, выкліканыя доўгім каранцінам падчас вясны. Пастаяннае знаходжанне разам з сямейнікамі на працягу доўгага часу выклікала ў многіх жаданне пабыць аднаму. Між тым, як вядома, рынак традыцыйна арыентаваны на абслугоўванне пар або сем'яў. Праблему ілюструе мастак рэсурсу Cartoonstock. Глава сям'і, якая знаходзіцца, на каранціне, пытаецца жонку як яна збіраецца правесці летні адпачынак. «Адна», — адказвае другая палова.

Нечакана з’явілася яшчэ адна праблема. Нават у краінах, гаспадарка якіх моцна залежыць ад турпатокаў, шмат хто цураецца замежнікаў. Прынамсі з краін, дзе эпідэміялагічная сітуацыя была кепскай. Прымаўка «за грошы здароўе не купіш» моцна сядзіць у свядомасці многіх людзей. Яны адмаўляюць у здачы жылля па нацыянальнай прыкмеце, баючыся, што кватаранты разам з плацяжамі прынясуць ім заразу. На думку мастака выдання Pasadenf Star, у наш час з-за пагрозы заразіцца ад прыёму гасцей адмовіўся б нават Рабінзон.

І што рабіць у такіх складаных умовах тым, хто хоча адпачыць улетку? Шмат экспертаў прагназуюць адраджэнне турыстычных паходаў у невялікай кампаніі, якія былі папулярныя ў савецкія часы. Так што бярыце гітары і вучыце славуты бардаўскі матыў: «Милая моя, солнышко лесное». Калі любіце не лес, а мора — вам дапаможа мастак выдання Courier Internacional (Францыя). Ён рэкламуе марскі варыянт турсезона 2020.

Зрэшты, некаторыя аптымісты лічаць, што выкліканыя эпідэміяй цяжкасці не прымусяць людзей адмовіцца ад звыклых паездак. Стрэс ад каранціну патрабуе змены сітуацыі і пачуцця камфорту. Сярод такіх — мастачка Алена Фрыд (ЗША). Гераіня яе малюнка не вельмі заклапочана мерамі бяспекі. Яе трывожыць, што маскі могуць пакінуць след на твары, калі ў іх загараць.
