«Музеі Беларусі» замянілі білборд з граматычнымі памылкамі (фота)
Куратар праекта "Музеі Беларусі" ўчора прынесла прабачэнні за граматычныя памылкі і падзякавала ўважлівым чытачам за заўвагі. Ужо сёння новы білборд без памылак быў размешчаны на тым жа месцы, дзе і папярэдні.
Куратар праекта Ксенія Тарасевіч яшчэ ўчора прынесла публічныя прабачэнні і адзначыла, што памылкі на білбордзе — чалавечы фактар: «былі пераблытаны файлы, і ў друк быў накіраваны памылковы варыянт». А таксама паабяцала, што хутка білборд будзе заменены.
Ужо сёння абноўленая рэклама без граматычных памылак была размешчаны па тым жа адрасе. На працягу бліжэйшых дзён рэклама без памылак з'явіцца і ў іншых месцах, адзначаюць супрацоўнікі "Музеяў Беларусі" (museums.by).
Праект «Музеі Беларусі» афіцыйна быў запушчаны ў 2013 годзе камандай аднадумцаў. «На старце праекта сабралася каманда аднадумцаў з неабыякавых да беларускай культуры людзей. У яе ўвайшлі журналісты, супрацоўнікі музеяў і проста валанцёры, — распавяла кіраўнік праекта Марына Роман. — Усе гэтыя людзі працавалі над праектам дзякуючы свайму энтузіязму і жаданню зрабіць нешта карыснае для грамадства. Крыху пазней праект атрымаў прызнанне на конкурсах, развіўся і мог прэтэндаваць на атрыманне спонсарства з боку камерцыйных арганізацый. Дзякуючы такой падтрымцы з'явілася магчымасць расказаць пра праект пры дапамозе білбордаў. Сёння над праектам пастаянна працуюць два чалавекі. У іх задачы ўваходзіць развіццё і папулярызацыя праекта сярод насельніцтва, але галоўная мэта застаецца нязменнай — гэта папулярызацыя музейнай справы Рэспублікі Беларусь і інфармаванне грамадскасці аб культурнай спадчыне краіны. Мы ўсе можам памыляцца. Яшчэ раз прыносім прабачэнні чытачам і выказваем удзячнасць за ўважлівае стаўленне да праекту "Музеі Беларусі". Сёння білборд быў заменены, і ўжо зараз на вуліцах Мінска вы можаце ўбачыць новую рэкламу. Мы дзякуем тым, хто нас падтрымліваў учора і дапамагаў растлумачыць сітуацыю, і спадзяемся, што такі своеасаблівы PR для праекта толькі павысіць цікавасць да яго», — адзначыла кіраўніца праекта.