Беларускія музыкі выпусцілі трэк пра дарослае дзяцінства — «Арэлі» (відэа)

Маладыя выканаўцы LEAR і Уладзь Лепяшынскі прэзентуюць новую песню пад назвай «Арэлі» на словы сучаснага паэта Віталя Рыжкова. Дарэчы, гэты верш у выглядзе мурала ўжо некалькі гадоў упрыгожвае сцяну ў цэнтры Магілёва.


— Наколькі мне вядома, даволі шмат хто думаў зрабіць з верша Віталя «Мама, прыйдзе час...» песню, і так атрымалася, што менавіта мая мелодыя натхніла Віталя вярнуцца да радкоў, якія ён напісаў 15 гадоў таму, і дапісаць словы для куплетаў, — прыгадвае спявачка Валерыя Суравіцкая.

— Для мяне гэты трэк з’яўляецца важнай гісторыяй ў жыцці, вельмі спадзяюся, што гэты твор знойдзе свайго слухача, які пабачыць сябе ў сюжэце трэка, — дзеліцца Уладзь Лепяшынскі.
— Чатырохрадкоўе «Мама! Прыйдзе час…» я напісаў у свае 20 гадоў, і ёсць нейкая сусветная логіка ў тым, што іншыя 20-гадовыя далі майму вершу новае жыццё, — кажа Віталь Рыжкоў. — Трэба было толькі дапісаць куплеты, і, я спадзяюся, што галоўны пасыл гэтай песні будзе зразумелы слухачам.
Валерыя Суравіцкая і Уладзь Лепяшынскі прайшлі праз адміністрацыйныя арышты. 13 лютага на базе адпачынку ў Смалявіцкім раёне амапаўцы затрымалі ўдзельнікаў і гледачоў канцэрту, на якім выступаў гурт «Разбітае сэрца пацана», нагадвае «Свабода». За ўдзел у «несанкцыянаваным мерапрыемстве» яны адсядзелі па 15 сутак у Жодзіне.