Беларускі фільм узяў гран-пры на фестывалі ў Аўстрыі
На венскім фестывалі «Let’s CEE» лепшай кароткаметражкай была прызнаная стужка 25-гадовага беларуса Мітрыя Сямёнава-Алейнікава.
Кадр з фільму «Адной крыві»
Спаборніцтва на фестывалі фільмаў з Цэнтральнай і Усходняй Еўропы вядзецца ў чатырох катэгорыях — мастацкія стужкі, дакументы, дэбюты і кароткаметражныя фільмы. У апошнюю секцыю было даслана 500 фільмаў, у шорт-спіс трапілі адзінаццаць. Сёлетняе журы секцыі ўзначалілі праграмная кіраўніца лонданскага кінафестывалю Raindance Сюзан Балантайн, украінскі рэжысёр Вадзім Шапран і аўстрыйскі журналіст Андрэас Унгербок. Стужку менчука Мітрыя Сямёнава-Алейнікава «Адной крыві» яны прызналі наймацнейшай.
Фільм — пра жыццё двух родных братоў, чые погляды на жыццё разышліся, і пачынаюць разбураць сям’ю знутры.
Бюджэт карціны склаў 7 000 долараў, якія рэжысёр уклаў разам з аператарам.
Цікава, што ў закладцы фільма на фестывальнай старонцы мовай стужкі пазначаная балгарская. Арганізатары, відаць, так расшыфравалі код нашай краіны — BY. Героі, зрэшты, размаўляюць па-расейску.
Беларусы змогуць паглядзець фільм на фестывалі «Лістапад» — фільм патрапіў у конкурсную праграму. У інтэрвію «КУКУ» Сямёнаў-Алейнікаў абяцае выкласці яго ў сеціва — пасля таго, як «Адной крыві» пакатаецца па свеце.