Ці дэмантуюць фрэскі Марка Шагала ў Парыжскай оперы?
У Францыі патрабуюць дэмантаваць фрэскі Марка Шагала ў Парыжскай оперы.
Пад роспісам, што зрабіў у 1964 годзе Марк Шагал, знаходзіцца яшчэ адзін — праца французскага мастака Жуля Эжэна Леневё. Яго нашчадкі патрабуюць вярнуць плафону першапачатковы выгляд.
Плафону ў Гранд-Апера, распісанаму Маркам Шагалам, піша «Будзьма».
Гранд-Апера яшчэ называюць Операй Гарнье ў гонар архітэктара Жана Луі Шарля Гарнье, што збудаваў яе ў 1875 годзе. Тады ж да працы над роспісам столі быў запрошаны ягоны сябар Жуль Эжэн Леневё. Нядаўні поспех выставы, прысвечанай Леневё, у Музеі мастацтва ў Анжэ, натхніў нашчадкаў мастака на тое, каб аднавіць доступ да «схаваных» Маркам Шагалам фрэсак у Гранд-Апера, піша «Le Figaro».
У сваім патрабаванні нашчадкі Леневё звяртаюць увагу Міністэрства культуры Францыі на тое, што Шагал рабіў свой роспіс на здымных панэлях, таму фрэскі Леневё проста прыхаваны пад працай Шагала. Сапраўды, французскі пісьменнік Андрэ Мальро, які займаў пост міністра культуры ва ўрадзе прэзідэнта Жоржа Пампіду, папрасіў Марка Шагала выканаць роспіс на здымных панэлях. Плафон раздзелены на пяць сектараў — белы, жоўты, сіні, чырвоны, зялёны. На кожным сектары — сюжэт класічнай оперы і славутыя месцы Парыжа.
«Гэты плафон прыносіць у Гранд-Апера колер і святло. Цудоўна пасуе старой зале і дадае ёй нешта новае, больш жывую прывабнасць», — так адгукаўся прэзідэнт Жорж Пампіду пра фрэскі Шагала.
9 траўня нашчадкаў Жуля Эжэна Леневё прымуць у Міністэрстве культуры Францыі, на сустрэчы таксама будзе кіраўніцтва Гранд-Апера. Што праўда, шанцы на поспех у іх невялікія. Паводле намесніка дырэктара Гранд-Апера Марціна Аждары, «ідэя дэмантажу працы Шагала выклікала б сур’ёзныя пытанні і таму не стаіць на парадку дня».