Фільм ураджэнца Беларусі атрымаў узнагароду ў Канах
Здымаўся «Данбас» Сяргея Лазніцы ў Крывым Рогу, над карцінай працавала вялікая міжнародная каманда, у тым ліку расейцы, але цяжка ўявіць, што фільм выйдзе ў пракат у сучаснай Расіі.

Кадр з фільма "Данбас". Фота www.new.cineast.com.ua
Украінскі фільм рэжысёра беларускага паходжання Сяргея Лазніцы «Данбас» атрымаў узнагароду на Канскім кінафестывалі, паведамляе «Радыё Свабода».
Cтужка Сяргея Лазніцы была намінаваная ў другой паводле важнасці праграме ў французскіх Канах — «Асаблівы погляд».
Гэта сусветная прэм’ера фільма «Данбас». Выхад стужкі ва ўкраінскі пракат запланаваны на 2018 год.

Фільм «Данбас» ствараўся ў супрацоўніцтве з кінематаграфістамі Нямеччыны, Украіны, Нідэрландаў, Францыі і Румыніі.
Сцэнар фільма заснаваны на дакументальных матэрыялах. У ім распавядаецца пра падзеі, якія адбываліся на ўсходзе Украіны. У цэнтры ўвагі — «людзі, вымушаныя прыстасоўвацца да жыцця ва ўмовах, калі распадаюцца інстытуты ўлады, сямейныя і прафесійныя сувязі, калі рэчы перастаюць называцца сваімі імёнамі».
Здымалі «Данбас» у Крывым Рогу, над карцінай працавала вялікая міжнародная каманда, у тым ліку расейцы.
Рэжысёр Сяргей Лазьніца нарадзіўся ў Баранавічах, пасля чаго сям’я амаль адразу ж перабралася ў Кіеў.
У 2012 годзе Сяргей Лазьніца зняў фільм «У тумане» паводле аповесці Васіля Быкава. Дзеянні фільму адбываюцца ў 1942 годзе ў акупаванай Беларусі. Фільм «У тумане» быў названы найлепшым фільмам XIV Міжнароднага кінафестывалю ў Трыесце, атрымаў прэстыжны прыз журы Міжнароднай федэрацыі кінапрэсы FIPRESCI на 65-м Міжнародным кінафестывалі ў Канах, Гран-пры VI Міжнароднага кінафестывалю імя Андрэя Таркоўскага «Люстэрка», прыз «Залаты абрыкос» на IX Міжнародным кінафестывалі ў Ерэване і ўзнагароду Адэскага міжнароднага фестывалю.