Фолькоцікі: металісты зайграюць дзеля беспрытульных жывёл

 У клубе «Бругге» 1 верасня адбудзецца дабрачынны фольк-метал (ці каля таго) канцэрт з удзелам гуртоў Rokash, Sakramant, Адарвірог і Dymna Lotva. Усе атрыманыя сродкі пойдуць у фонд грамадскага аб’яднання абароны жывёл «Эгіда», а таксама прытулка «Домик Спасённых Душ».

afisza_26.jpg

Арганізатар канцэрта, вакаліст гурта «Адарвірог» Леанід Аўдзей-Жыгуноў распавёў: «Дабрачынны канцэрт мы робім упершыню, таму рабілі так, як нам больш-менш звыкла — запрасілі гурты менавіта метал-накірунку. Ніхто не адмовіўся, у каго атрымалася — усе згадзіліся адразу. Гурты граюць задарма».
Прадстаўніца прытулка «Домик Спасённых Душ» Віта Юрлова патлумачыла: «Супрацоўніцтва менавіта з метал-гуртамі атрымалася даволі выпадкова. Мы даўно знаёмыя з Лёнем з гурта „Адарвірог“ і неяк казалі пра тое, што было б выдатна зрабіць дабрачынны канцэрт, а хлопцы вырашылі ўзяць і арганізаваць яго. Вядома, акрамя грошаў нам патрэбныя валанцёры (як для дзяжурстваў на зменах, так і на суботніках), патрэбна дапамога ў выглядзе кармоў, лекаў, амуніцыі, цацак... Патрэбныя тыя, хто можа дапамагаць рэкламай у інтэрнэце. Рэгулярна маем патрэбу ў дапамозе з транспарціроўкай жывёл. Само сабой, чым больш жывёл знойдуць свой дом, тым больш можна будзе выратаваць».