«Хатні спеўнік» Манюшкі прагучыць у Мінску
Канцэрт «Жыццё ў песні. Старонкі «Хатняга спеўніка» Станіслава Манюшкі» адбудзецца 12 чэрвеня ў Камернай зале імя Л.П. Александроўскай Вялікага тэатра Беларусі.
Найлепшыя песні са знакамітага цыкла кампазітара «Хатні спеўнік» прагучаць у выкананні выдатных салістаў Вялікага тэатра Беларусі – лаўрэатаў міжнародных конкурсаў Ірыны Кучынскай (сапрана) і Іллі Сільчукова (барытон), а таксама шматгадовага папулярызатара гістарычнай музыкі і архіўных знаходак – ансамбля салістаў «Вытокі» пад кіраўніцтвам лаўрэата міжнародных конкурсаў, фагатыста і дырыжора Аляксея Фралова.
Гэтай унікальнай праграмай, якая ўсебакова ілюструе жыццё вялікага кампазітара-рамантыка, музычны свет Беларусі распачынае серыю канцэртаў і іншых мерапрыемстваў на шляху да 200-гадовага юбілею геніяльнага Станіслава Манюшкі, які будзе адзначацца 5 мая 2019 года.
Праграма заснавана на важнейшай і, мабыць, самай асабістай грані творчасці Манюшкі – зборніках песень, якія аб’яднаны аўтарам пад сімвалічнай назвай «Хатні спеўнік». З яго старонак можна пачуць і думкі самога класіка, і пабычыць кола яго сяброў, геаграфію вандраванняў, адчуць увесь спектр эмоцый кампазітара. Песні прызначаліся да хатняга ўжытку на розныя акалічнасці штодзённага жыцця чалавека. Іх галоўная мэта – адпавядаць розным настроям і патрэбам сэрца, менавіта таму здзіўляе вельмі багатая іх разнастайнасць. Манюшка з адданасцю пісаў прыгожыя, запамінальныя мелодыі на вершы выдатных паэтаў, сярод якіх Адам Міцкевіч, Ян Чачот, Ян Каханоўскі, Юзаф Крашэўскі і інш. З вялікага збору «Хатняга спеўніка» (некалькі сотняў песень) – у праграме канцэрта прагучаць самыя характэрныя для творчасці аўтара.
Імя Станіслава Манюшкі з’яўляецца адным з найвялікшых у гісторыі і культуры Беларусі і Польшчы, яно адначасова рэпрэзентуе гэтыя дзве культуры і аб’ядноўвае іх.
Манюшка нарадзіўся і вырас на Міншчыне, правёў свае маладыя гады ў Мінску. Тут адбываліся яго першыя тэтральна-музычныя пастаноўкі, у салонах мінскай інтэлігенцыі XIX ст. гучала яго музыка, напоўненая беларускім фальклорам. Пазней Манюшка працаваў у Вільні як арганіст касцёла св. Яна. Потым пераехаў у Варшаву, дзе стаў таксама класікам польскай оперы, стварыўшы там свае самыя маштабныя шэдэўры ў гэтым жанры.
Канцэрт арганізаваны пры падтрымцы Польскага Інстытута ў Мінску.
Квіткі прадаюцца ў касах тэатра і білетных аператараў
Падзея ў фейсбуку.