Як бы выглядаў саюз Беларусі і Расіі паводле прынцыпаў Люблінскай уніі
1 ліпеня 1569 году была падпісаная Люблінская ўнія. Дзве краіны – Вялікае Княства Літоўскае і Польшча – аб’ядналіся ў адну федэратыўную Рэч Паспалітую, паведамляе Радыё Свабода.
Пайсці на саюз з Польшчай ВКЛ змусіла вайна з Масковіяй і слабасць Вялікага Княства, якую гэтая вайна раскрыла. Прыхільнікі саюзу старажытнай беларускай дзяржавы з Польшчай перакананыя, што Люблінская ўнія выратавала Вялікае Княства Літоўскае ад паглынання Масковіяй. Праціўнікі ўніі кажуць, што стварэнне Рэчы Паспалітай заклала пачатак заняпаду ВКЛ і паланізацыі яго элітаў.
Сёння былая Масковія зʼяўляецца саюзнікам афіцыйнага Мінску. Дамове аб так званай саюзнай дзяржаве ўжо 22 гады, але моцы канстытуцыйнага закону яна так і не набыла. Апошнія паўгода Масква настойвае на афармленні новых правілаў унутры «саюзу».
А як бы выглядаў сучасны саюз Расіі і Беларусі паводле прынцыпаў Люблінскай уніі? Давайце заменім у акце 1569 года Польшчу і ВКЛ на Расію і Беларусь.
Цытата з Канстытуцыйнага акту Саюзнай дзяржавы
«Расійская Федэрацыя і Рэспубліка Беларусь – гэта адно непадзельнае і не асобнае цела, а таксама не асобная, а адзіная супольная Саюзная дзяржава, якая з дзвюх дзяржаваў і народаў у адзін народ сышлася і злілася».
Тэрытарыяльныя страты
Падчас перамоваў, якія адбываліся ў Расіі, беларуская дэлегацыя не пагадзілася з праектам перадачы траціны тэрыторыі РБ на карысць Расіі. У выніку беларуская дэлегацыя ўчыніла дэмарш. Расійскі лідар у такой сітуацыі прыняў рашэння далучыць да Расіі чатыры беларускія вобласці.
У Мінску гэта палічылі парушэннем закону і дамагаліся вярнуць страчаныя тэрыторыі. Але за далучэнне да Расіі прагаласавала арыстакратыя чатырох беларускіх абласцей. Расійскі лідар паабяцаў ім аўтаномію.
Лідар
Паводле дамовы, новы лідар Саюзнай дзяржавы павінен даваць прысягу ў Маскве. Асобная прысяга ў Мінску ліквідуецца. Выбар новага кіраўніка можа адбыцца нават без удзелу прадстаўнікоў аднаго з народаў.
Парламент
Парламентарыі Беларусі ўключаюцца ў склад Дзярждумы Расіі. У вышэйшай палаце, сярод 140 сенатараў, Беларусь атрымала 27 мандатаў. У ніжэйшай палаце ім далі 44 крэслы, а расійцы захавалі за сабой – 113.
Маёмасць
Саюзная дамова адмяняе забарону набываць расійцам зямлю ў Беларусі. Арыстакратыя двух народаў можа набываць зямлю на тэрыторыі ўсёй Саюзнай дзяржавы.
Грашовая сістэма
Уводзіцца супольная грашовая адзінка. Эмісійныя цэнтры – у Мінску і Маскве.
Дзяржаўная адміністрацыя
Дамова пакідае цэнтральныя ўстановы, суды, з ідэнтычнымі абавязкамі і правамі ў кожнай з краін.
Мова
Кожная з краінаў карыстаецца сваёй дзяржаўнай мовай.
Палітыка і войска
Захоўваюцца асобныя арміі Беларусі і Расіі. Але Мінск і Масква абавязуюцца праводзіць супольную палітыку ў галіне абароны і міжнародных адносінаў.
Апошняя аналогія
У 1569 годзе ВКЛ падпісала некарысны ёй Акт аб уніі з дзяржавай, якая магла абараніць яе ад знікнення і шматтысячных ахвяраў вайны. Калі правесці аналогію з сучаснасцю, то падпісаць такую ж некарысную дамову з Расіяй Беларусь павінна толькі тады, калі танкі NATO гэтаксама цалкам спустошаць Горадню, як Іван Жахлівы ў 1563 годзе Полацк і будуць пагражаць знікненню беларускай дзяржаўнасці агрэсіўнага Захаду.