«Як Фіндус згубіўся, калі быў маленькі» — цяпер па-беларуску!

Новая кніга па-беларуску для дзетак і іх бацькоў, працяг гісторый пра дзядулю Пэтсана і кацянятка Фіндуса пабачыла свет у серыі «Каляровы ровар» Саюза беларускіх пісьменнікаў у выдавецтве «Кнігазбор». Казка шведскага пісьменніка і мастака Свэна Нурдквіста, перакладзеная Надзеяй Кандрусевіч, ужо чакае сваіх чытачоў на паліцах мінскіх кнігарняў.

findus_3_vokl.jpg

Сімпатычныя і забаўныя героі Пэтсан і Фіндус, якія ажылі на старонках кніг шведскага аўтара, не маюць патрэбы ў прадстаўленні — яны вельмі папулярныя па ўсім свеце, у тым ліку і ў Беларусі, і казкі пра іх пераствораныя больш чым на 30 моў. На нашай роднай мове выйшлі кнігі «Пэтсан і Фіндус святкуюць Каляды», пасля — «Блінны торт»  (абедзьве пераклала Надзея Кандрусевіч).
А зараз серыя для дзяцей «Каляровы ровар» працягваецца гісторыяй «Як Фіндус згубіўся, калі быў маленькі». З яе юныя чытачы і чытачкі даведаюцца, як пазнаёміліся і пасябравалі дзядуля Пэтсан і ягоны ўлюбёнец коцік Фіндус.
Канечне, не абыдзецца без авантураў і прыгод, падчас якіх Фіндус дазнаецца шмат новага пра навакольны свет, поўны цікавых раслінаў і жывёл, а таксама знойдзе новых прыяцеляў — фантазійных істотак мюклаў, нечым падобных на маленькіх добрых гномаў, якія ратуюць усіх, каму патрэбная дапамога.Выданне, як і ўсе астатнія кнігі Свэна Нурдквіста, шыкоўна ілюстраванае — адно задавальненне трымаць яе ў руках! Казка стане сапраўдным падарункам для ўсёй сям’і.

8 чэрвеня ў сталіцы адбудзецца прэзентацыя новай кнігі. Дэталі ўдакладняюцца. Сачыце за абвесткамі!

Пытайце кнігу «Як Фіндус згубіўся, калі быў маленькі» ў крамах Мінска: «Кніжная Шафа» (пр. Дзяржынскага, 9), «Рагна» (вул. Сухая, д. 4 / вул. Караля, д. 22), «Цэнтральны кніжны» (пр. Незалежнасці, 19), «Акадэмкніга» (пр. Незалежнасці, 72), «Кнігі & кніжачкі» (пр-т Незалежнасці, 14), а таксама ў інтэрнэт-краме knihi.by.
Прэс-служба ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў»