Як Сяржук Доўгушаў ладзіў Каляды ў Мінесоце і гатаваў клёцкі з душамі (відэа + рэцэпт)

У госці да беларусаў Мінесоты завітаў этна-музыка, беларускі папулярызатар фальклору, спявак, стваральнік ініцыятывы «Спеўны сход», кіраўнік «Дома Творцаў», Tradycyja і сапраўдны чалавек-аркестр (у выключна станоўчым сэнсе! бо ўмее граць хіба што не на ўсіх інструментах).

sjarzuk_hosci.png

Пагутарылі пра беларускі цуд — салідарнасць. Пра беларускую культуру ў выгнанні і пра тое, што можна рабіць проста цяпер, каб кожны чалавек насіў сваю Беларусь з сабой.

Разам з Сержуком беларусы Мінесоты зладзілі Каляды, гатавалі беларускія стравы, парыліся ў лазні.

Сяржук заўважыў, што лазня — гэта сакрэтны прыём, бо пасля расслаблення гутаркі больш жывыя і цікавыя.


Рэцэпт клёцак з душамі

● 2 кг. бульбы, 4 ст. лыжкі мукі, 200 г. свініны, 200 г. ялавічыны, 100 г. вэнджанага сала, 1 цыбуліна, смятана, соль, перац, кмен, кроп, лаўровы ліст.

● Пачышчаную бульбу і цыбуліну надраць на тарцы, добра адціснуць праз марлю, дадаць крухмал які застаўся ад бульбянога соку, дадаць муку, соль, перамяшаць.

● Традыцыйна фарш гатуецца са свініны, але мы дадалі яшчэ ялавічыну і вэнджанага сала. Для фаршу мяса прапусціць праз мясарубку або камбайн, дадаць соль, перац, кмен, перамяшаць.

● З бульбяной масы сфармаваць невялікія шарыкі, кожны размяць у плоскі кружок, на сярэдзіну пакласці фарш, зноў скачаць у шарык.

● Чыгунок напалову заліць вадой. Пасля таго як вада закіпела, клёцкі пакласці ў чыгунок, варыць 20 хвілін.

● Падаваць са смятанай і кропам.

Смачна есці!