Канцэрт Вольскага ў Вільні па бясплатнай візе
Арганізатары канцэрту Лявона Вольскага з праграмай «172» распавялі, калі скончыцца прыём заявак на атрыманне бясплатнай візы.
Сам канцэрт адбудзецца ў Вільні 8 траўня. Тыя, хто хоча атрымаць бясплатную візу, каб наведаць канцэрт вядомага беларускага музыкі, мусяць да 28 красавіка (уключна) падаць дакументы ў амбасаду Літоўскай Рэспублікі ў Мінску. Для тых, хто будзе падаваць дакументы ў візавых цэнтрах – у Мінску, Берасці, Горадні, Магілёве, Гомлі, Пінску, Баранавічах ды Лідзе — прыём скончыцца 26 красавіка. У візавых цэнтрах паслуга платная, каштуе 20 еўраў.
«Апошні сольны выступ Лявона Вольскага ў Беларусі ў памяшканні ўмяшчальнасцю больш за 300 асобаў адбыўся ў снежні 2010 году. З таго часу ўсе заяўкі на канцэрты ў вялікіх залах і шэрагу малых былі адхіленыя. Таму мы вельмі ўдзячныя МЗС Літвы за візавую падтрымку нашага мерапрыемства», — адзначыў арганізатар канцэрту Зміцер Каспяровіч.
Канцэрт Лявона Вольскага адбудзецца 8 траўня ў клубе «Vakaris Vilnius». Разам з калектывам музыка прадставіць вялікую праграму «172», якая ахопіць усе перыяды яго творчасці: ад гурта «Мроя» да найноўшага сольнага альбома «Псіхасаматыка».
Пакрокавая інструкцыя па візах і інфармацыя па квітках на сайце turmuz.by.
belsat.eu