Каралеўству патрэбны героі. Выйшаў з друку працяг дзіцячага беларускага фэнтэзі пра рыцара Янка і каралеўну Мілану

Пабачыў свет доўгачаканы працяг прыгодніцкага фэнтэзі Алега Грушэцкага «Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Каралеўству патрэбны героі».

hruszecki_kniha.jpg

У выдавецтве «Чатыры чвэрці» адмыслова да летніх вакацый выйшаў доўгачаканы працяг прыгодніцкага фэнтэзі на падставе беларускага фальклору «Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Каралеўству патрэбны героі». Аўтар — Алег Грушэцкі.

Героі рамана — персанажы з беларускай міфалогіі — магутны Цмок, волат Вярнігара, вужалкі, гарцукі, ваўкалакі, багнік, лясун… Вас сустрэнуць як старыя, так і новыя героі. А яшчэ шмат захапляльных прыгод, удзел у рыцарскім турніры і бітва за волю і каралеўства.

farzac.jpg

Таямнічае каралеўства Сварга ізноў у небяспецы — на гэты раз яго захапіў яшчэ больш магутны і злы вядзьмак, якім рухае толькі помста. Юныя героі, Янка і Мілана, выпраўляюцца ў падарожжа на дапамогу сваім сябрам. Але цяпер усё значна цяжэй — Цмок забіты, а пра волата Вярнігару аніякіх чутак. Ім належыць павесці за сабой мужных рыцараў і ваяроў, вызваліць праўдзівага караля Мацея, змагацца супраць злых чараў і ненавісных ваўкалакаў. Новыя прыгоды, сапраўдныя рыцарскія спаборніцтвы, першыя юначыя пачуцці, старыя і новыя сябры, бітва за волю. Ці дадуць яны рады з новымі выпрабаваннямі — залежыць толькі ад іх саміх.

vokladka_21.jpg

Першая частка рамана выйшла ў 2021 годзе і карысталася пэўным попытам. Кніга разлічаная на дзяцей сярэдняга школьнага ўзросту і з’явіцца выдатным падарункам дзіцяці, каб цікава і з карысцю правесці час на школьных летніх вакацыях. Дарэчы, падзеі ў ёй таксама адбываюцца падчас летніх вакацый.


Аформіў выданне таленавіты мастак Віктар Козел, які працаваў і над першай часткай. Набыць кнігу «Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Каралеўству патрэбны героі» ўжо можна непасрэдна ў выдавецтве, якое знаходзіцца ў цэнтры Мінска. Больш падрабязна можна даведацца па спасылцы.
Апроч таго, у продажы можна набыць яшчэ і першую частку гісторыі: «Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Таямнічае каралеўства» . Таксама можна пытаць твор у бібліятэках.

 

Азнаёміцца з фрагментам кнігі «Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Каралеўству патрэбны героі» можна ТУТ


Таксама можна паглядзець буктрэйлер да кнігі на YouTube:


Пра аўтара:

Аўтар кнігі — Алег Грушэцкі. Бацька траіх дзяцей, пісьменнік, журналіст, публіцыст, перакладчык. Аўтар літаратуразнаўчых і гістарычных артыкулаў як у беларускіх, так і ў замежных навуковых выданнях. Піша вершы, казкі і фэнтэзі на беларускай мове. Лаўрэат шэрагу творчых прэмій. У мінулым — адзін з арганізатараў скаўцкага руху на Беларусі, удзельнік гісторыка-культурнага таварыства «Талака», першага беларускамоўнага летніка «Грунвальд». Нашчадак старажытнага шляхецкага роду.