Комікс пра Суперпуціна

Беларус Сяргей Каленік, які трапіў у Маскву, прапануе комікс, дзе Уладзімір Пуцін знішчае медытацыяй тэрарыстаў і з дапамогай нанаагента Мядзведзева давіць аўтобусам дэмакратаў-зомбі.

Маляваная гісторыя мае агульную шыльду: «Чалавек Як Усе». 20 мая на сайце superputin.ru быў размешчаны першы эпізод коміксу — «Стоеная пагроза».



30d454f09b771b9f65e3eaf6e00fa7bd.jpg

Беларус Сяргей Каленік, які трапіў у Маскву, прапануе комікс, дзе Уладзімір Пуцін знішчае медытацыяй тэрарыстаў і з дапамогай нанаагента Мядзведзева давіць аўтобусам дэмакратаў-зомбі.
Маляваная гісторыя мае агульную шыльду: «Чалавек Як Усе». 20 мая на сайце superputin.ru быў размешчаны першы эпізод коміксу — «Стоеная пагроза».
Дзеянне ў графічным апавяданні адбываецца сёлетняй вясной, «за год да канца свету». Уладзімір Пуцін — у касцюме дзюдаіста — дзякуючы звышнатуральнае медытацыі трапляе на тайнае пасяджэнне Аль-Каіды. На сцяне логава ў спальным раёне Масквы вісіць партрэт Ельцына з дарчым надпісам: «Шамілю ад Барыса». Высвятляецца, што барадатыя тэрарысты падклалі бомбу ў маскоўскі аўтобус.
Падарваўшы тэрарыстаў, Пуцін даганяе аўтобус і сам ім кіруе. Дэманструецца дасье супергероя: аператыўны псеўданім — Чалавек Як Усе; характар — нардычны; суперсіла — усе прымаюць яго за свайго.
Тут у комікс дэсантуецца новы персанаж: страшны мядзведзь. Ён трымае ў кіпцюрастай лапе айпод з кадрамі кінапракату ў Афганістане, дзе папулярны фільм «Хуткасць». Пуцін аддае мядзведзю загад заняцца бомбай. Зняўшы скуру, зашпіленую на маланку, «наначалавек» Мядзведзеў — а гэта ён! — выконвае загад. Як падкрэслівае тэчка «Ліга супергерояў», Мядзведзеў — «гном, выхаваны мядзведзямі; здольны пераўтварацца ў мядзведзя».
Гном Мядзведзеў шэпча айподу: «Мая зваба!», выцягваючы з яго жалезныя клюшні пад войканні старой: «Каштуе цэлую пенсію!». Гаджэт паўзе пад аўтобус. Тым часам машына ляціць да корку, што ўтварыўся на маскоўскай вуліцы. Нягледзячы на пратэсты Мядзведзева, Пуцін ставіць на аўтобус нанамігалку.
У прыцемках швэндаюцца ненажэрныя зомбі з вёдрамі на галовах. Пуцін падганяе Мядзведзева і з воклічам «Не трэба раскачваць лодку!» адбіваецца ад мерцвякоў-дэмакратаў. Тыя патрабуюць: «Далоў прывілеі на дарогах! Свабоду Ходару! Вярні нам НТВ! Дай нам абіраць губернатараў!» — цягнуць лапы да супергерояў, верашчаць. Мядзведзеўскі айпод стаічна крычыць: «Гномы не баяцца смерці!»
У гэты крытычны момант на дапамогу збаўцам прыходзіць нябачны суперагент Сечын (віцэ-прэм’ер Сечын — трэці чалавек у Расіі, пуцінскі пратэжэ). Як заяўляе комікс, характар ягоны «цалкам шалёны». Ён тэхнічна нябачны, «інтуітыўна ўвесь час зліваецца з мясцовасцю». Нарэшце, Мядзведзеў кідае ў натоўп зомбі, што крычаць пра свабоду, адчэпленую бомбу.
Комікс завяршаецца з’яўленнем тоўстага троля, з якім супергерой Пуцін мусіць змагацца ў наступнай серыі.


Заходнія аглядальнікі звязваюць гэты палітычны комікс з перадвыбарчай кампаніяй Пуціна, які спрабуе перацягнуць на свой бок моладзь, што бавіць час у інтэрнэце. Але Сяргей Каленік жартуе, што комікс замовіла скандальная расійская балерына Валачкова, і кажа, што зрабіў усё бясплатна, з сябрамі. «Скласці сцэнар — тры гадзіны. Зрабіць раскадроўку — два дні. Давесці ўсё да ладу — месяц. Не дадзім суму і нудзе перашкодзіць нам адгарэзіць на выбарах 2012-га. Уся ўлада інтэрнэту!» У Каленіка маецца сцэнар ужо дзесяці серый, дзе шаман Шайгу выклікае галаву Ельцына, Навадворская пажырае сонца, а тэлежурналіст Познэр б’ецца на барыкадах у Астанкіна.
Сяргей Каленік, які ў сецевым дзённіку называе сябе «яскрава выяўленым беларусам», нарадзіўся ў 1985 годзе ў Мінску. Ён вучыўся ў Мінскім інстытуце кіравання. З 2004 года — Каленік у Маскве. Абраўшы ў павуцінні імя shlyahtich, Каленік дакарае палякаў, што тыя па волі камуністаў штучна стварылі беларускую мову і культуру, прадстаўніком якой з’яўляецца Лукашэнка.
Сяргею Каленіку прыпісваюць іранічны комікс пра спікера расійскай Думы Барыса Грызлова. Комікс пра прэм’ера-чэкіста — значна сур’ёзнейшы.
На пытанне, ці падабаецца яму Пуцін, Каленік адказаў: «Гэта ўсё роўна, што запытацца, ці падабаюцца мне мае бацькі ці брат. Брата можна не любіць, ён застанецца вашым братам, а Пуцін — гэта мой прэзідэнт».