Квір-фестываль DOTYK зломіць застарэлыя стэрэатыпы

У Мінску стартуе другі міжнародны квір-фестываль «Дотык». Адкрыццё адбудзецца 19 лютага ў 19:00 у лофце «Корпус8» (праспект Машэрава, 9). Фестываль пройдзе з 19 па 28 лютага 2016 года.



12633349_1013289282050633_800368147_o_2.jpg

«Дотык» — гэта некамерцыйны культурна-асветнiцкi праект, які закранае актуальныя тэмы ідэнтычнасці і самавыяўлення, узнімае праблемы гамафобіі, трансфобіі, сэксізму і іншых формаў ксенафобіі.

Гледачоў фэсту чакаюць карціны канадскага рэжысёра Ксаўе Далана, фільм «Прайд» пра сілу сяброўства і салідарнасці, гісторыя амерыканскага куміра 50-х Джэймса Дзіна, дакументальныя карціны пра жыццё і творчасць пісьменніцы С'юзэн Зонтаг і харэографкi Элізабэт Стрэб, а таксама іншыя фільмы.

Апроч кінапаказаў у рамках фэсту пройдуць лекцыі, дыскусіі і ўорк-шопы беларускіх і замежных экспертаў, на якіх можна будзе навучыцца маляваць коміксы, даведацца больш пра паняцце «квір» і цялеснасць, пагуляць у гендарную гульню і пачуць з першых вуснаў пра тое, як гэта на працягу цэлага года кожны дзень хадзіць на спатканні з рознымі людзьмі. А яшчэ — зламаць свае самыя застарэлыя стэрэатыпы падчас «Жывой бібліятэкі» і адчуць сябе сапраўдным супергероем ці супергераіняй на адменнай «Супергераіньскай вечарыне».

Таксама ў рамках фэсту пройдзе выстава «Больш, чым Яна», удзельніцы і ўдзельнікі якой даследуюць катэгорыю «жанчыны» ў розных плоскасцях: сексуальнасці, асэнсаванні свайго гендара, дачыненні з уласным целам. Сукупнасць розных поглядаў робіць выставу выказам, які адлюстроўвае разнастайнасць падыходаў і рашэнняў. Ніякіх гатовых рэцэптаў — гэта прастора для разважанняў кожнай/кожнага глядачкі/гледача.

Далучайся. Дакранайся.

12631211_1102741863090372_2127366614_o.jpg

Падрабязнасці і праграму фэсту можна знайсці на афіцыйным сайце і на старонках «УКантакце» і Facebook.

19–28 лютага, «Корпус8» (прасп. Машэрава, 9).

Уваход вольны (для некаторых імпрэзаў ёсць папярэдняя рэгістрацыя).