"Лістападзік–2013" раздаў узнагароды
Журы "Лістападзіка–2013" вызначыла лепшыя карціны. Вынікі конкурсу фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі падвялі ў кінатэатры "Піянер”.
Лепшым фільмам для дзяцей стала стужка "Клара і мядзведжыя тайны" Тобіяса Інайхена (Швейцарыя-Германія).
Лепшым фільмам для юнацтва эксперты назвалі карціну "Не чакай пахвал" Яня Цзіня (Кітай-Паўднёвая Карэя). Акцёр Лі Шучэнь, які сыграў у гэтай стужцы, адзначаны за лепшую дзіцячую ролю.
Беларуская карціна "Кіндэрвілейскі прывід" атрымала прыз глядацкіх сімпатый "Залаты "Лістападзік". Вячаслаў Паўлюць, які сыграў тры ролі ў стужцы аб прывідзе з Вілейкі, стаў уладальнікам узнагароды за лепшую работу дарослага акцёра ў дзіцячым фільме. Рэжысёру Алене Туравай таксама ўручаны спецыяльны прыз ад рэдакцыі газеты "Переходный возраст".
Спецыяльнымі ўзнагародамі журы "За сцэнарый" адзначаны Яніс Нордс ("Мама, я цябе люблю", Латвія-Літва) і Яўген Руман "За рэжысуру" ("Падарожжа Ігара і жураўлёў", Ізраіль-Германія-Польшча).
Прызы пераможцам "Лістападзіка" ўручылі члены журы. У гэтым годзе судзейскую калегію ўзначаліла рэжысёр і актрыса Галіна Данелія. Разам з ёй конкурсныя работы ацэньвалі беларускі акцёр тэатра і кіно Павел Харланчук, прадзюсар, сцэнарыст, актрыса з Арменіі Армінэ Анда.
Цырымонія ўзнагароджання паднесла нямала сюрпрызаў. Старшыня журы Галіна Данелія разыграла сярод гледачоў цацкі персанажаў свайго анімацыйнага фільма "Лёлік і Барбарыкі". Да вялікай радасці маленькіх гледачоў усім прысутным раздалі тысячу цукерак "Чупа-чупс". Музычны падарунак публіцы зрабіў Ілья Волкаў — прадстаўнік Беларусі на дзіцячым "Еўрабачанні–2013".
"Лістападзік" традыцыйна праводзіцца ў час Мінскага міжнароднага кінафестывалю "Лістапад". На дзіцячым форуме ў розныя гады дэманстравалі розныя праграмы — поўнаметражныя і кароткаметражныя мастацкія фільмы, анімацыйныя карціны, рэтраспектыўныя стужкі.