"Ляпіс Трубяцкой" выпускае беларускамоўны альбом і прэзентуе яго ў Вільні

Гэтай восенню гурт "Ляпіс Трубяцкой" выпусціць альбом "Грай" — першую ў сваёй гісторыі пласцінку, якая складаецца выключна з песень на беларускай мове. Канцэртная прэзентацыя праекта пройдзе 30 лістапада ў Вільні.



lyapis.jpg

У альбом "Грай" увойдзе 12 беларускамоўных кампазіцый, напісаных і запісаных за апошнія 10 гадоў, у тым ліку 2 абсалютна новыя трэкі. Але пры гэтым праект разлічаны не толькі на Беларусь і беларускую аўдыторыю.

"Мы ездзім па ўсім свеце і ўсюды сябе пазіцыянуем як гурт з горада-героя Мінска, — кажа Міхалок. — Мы спяваем песні на розных мовах, але нам вельмі прыемна, што, калі прыязджаем у розныя краіны, мы сустракаем людзей, якія разам з намі спяваюць "Рамонкі", "Грай", "Не быць скотам!" і іншыя песні на беларускай мове. Відаць, гэтыя тэксты і закладзеныя ў іх ідэі блізкія міжнароднай аўдыторыі. Так што гэты альбом прызначаны не толькі для беларусаў ва ўсім свеце, але і для ўсіх, каму цікавая наша музыка, беларуская мова і беларуская культура".

“Большасць песень выходзіла на розных альбомах, дзесьці адна, дзесьці дзве, але выдаваць іх асобным альбомам было рана, хацелася каб з’явіліся яшчэ і новыя трэкі, — тлумачыць рашэнне зрабіць беларускамоўную кампіляцыю дырэктар “Ляпісаў” Яўген Калмыкоў. — Нарэшце назапасілася песень на альбом, а ўсе гэтыя песні прыгожыя. Я вельмі рады, што выходзіць гэты альбом, бо ўсе гэтыя трэкі сабраныя разам складаюць такую залатую калекцыю “Ляпісаў”, бо беларускамоўныя песні “Ляпісаў” заўсёды атрымліваліся меладычнымі, глыбокімі, але яно і не дзіўна, бо мы ж самі беларусы”.

Канцэртная прэзентацыя праекта пройдзе на самай вялікай пляцоўцы Літвы — Siemens Arena ў Вільні, разлічанай на 12,5 тысяч гледачоў. Гэта будзе адзіны выступ "Ляпісаў" з дадзенай праграмай — паўтараць яе калектыў не плануе. У Расіі і іншых краінах "Ляпіс Трубяцкой" працягне тур з праграмай "Lyapis Crew".

Як сцвярджаецца ў прэс-рэлізе, распаўсюджаным менеджментам гурта, Мінскі гарвыканкам наклаў вета на знешнюю рэкламу віленскага канцэрта "Грай". Арганізатары забраніравалі каля 20 бігбордаў у беларускай сталіцы, аднак на стадыі зацвярджэння рэкламнага макета ў Камітэце па ідэалогіі гарвыканкама кампанія была забаронена без тлумачэння прычын — нягледзячы на тое, што на афішах і бігбордах гурт "Ляпіс Трубяцкой" нават не згадваўся.

У Беларусі квіткі на канцэрт "Грай" можна набыць толькі ў офісе агенцтва "Шаблі": горад Мінск, вуліца Калініна, 22-8 (з 9:00 да 17:00 гадзін у працоўныя дні). Кошт: 200 тыс. руб. (Танцпол), 250-300 тыс. руб. (Трыбуны). Калі ў вас няма шэнгенскай візы, то для пакупкі квітка неабходна папярэдне зарэгістравацца на падачу дакументаў у літоўскім пасольстве на даты з 16 верасня па 20 лістапада (электронны запіс на сайце пасольства). Жыхары Брэсцкай і Гродзенскай абласцей рэгіструюцца і падаюць дакументы ў Генеральным консульстве ў Гродне ў гэтыя ж тэрміны.

Беларусы, якія набылі квіткі на канцэрт, змогуць атрымаць візу бясплатна. Падача дакументаў спрошчаная — даведкі з месца працы / вучобы і дакументы, якія пацвярджаюць плацежаздольнасць, не патрабуюцца.

Інфалінія ў Беларусі: +375 33 6555596, +375 29 6555596, +375 17 2801510.

euroradio.fm