Akute, The Toobes і Clover Club выступяць на фестывалі ў Вільні
6-8 верасня ў Вільні ў рамках дня горада пройдзе другі фестываль Vilnius Music Week. Усе адкрытыя і клубныя сцэны на ім будуць аддадзеныя моладзевай музыцы — ад рока да электронікі.
Першы фестываль прайшоў у 2012 годзе і атрымаў мноства станоўчых водгукаў публікі, артыстаў і прэсы. На выступленнях тады пабывала больш за 320 тысяч гледачоў.
«Мы запрашаем ў Вільню ўсіх, каму цікавая свежая музыка. У гэтым годзе мы вырашылі паклікаць больш груп з суседніх краін, у тым ліку з Эстоніі, Латвіі, Беларусі, Расеі,
Украіны, — кажа каардынатар фестывалю Лаўрас
Лучунас. — Усяго будзе 12 сцэн. На адкрытых пляцоўках уваход
бясплатны , на клубных пляцоўках - сімвалічная плата на начныя выступленні».
На Vilnius Music Week 2013 выступяць адразу тры беларускія гурты. Увечары 6 верасня на вялікай сцэне на плошчы Лукішкес у 20.00 выступяць Akute, увечары 7 там жа ў гэты ж час выступяць Clover
Club, а ў 21.00 на Vasaros Terasa публіку чакае выступленне The Toobes.
«Мы адбіралі ўсе гурты па музыцы і па ўзроўні, каб адпавядалі астатняй праграме. Магу сказаць, што беларускія артысты выглядаюць вельмі годна, таму не было ніякіх пытанняў, каб
паставіць іх на добры час», — адзначыў Лаўрас
Лучунас.
На фестывалі выступяць таксама вядучыя літоўскія артысты — Аліна Арлова, Юрга, Golden Parazyth, Маркас Палубенка. Між тым у рамках дня горада на
Кафедральнай плошчы ў гэтыя ж дні выступяць Brainstorm (Латвія), Touch And Go (Велікабрытанія), Antis (Літва).
ultra-music