Лявон Вольскі не выступіць на «Свяце Незалежнасці» у Мінску
25 сакавіка артыст заспявае на канцэрце да 100-годдзя БНР у Беластоку, які ладзяць мясцовыя беларусы. Гэткую прапанову спявак прыняў яшчэ летась, патлумачыў Вольскі ў допісе да прыхільнікаў у Facebook.
Музыка хацеў выступіць ля Опернага асабіста і цягам апошніх двух тыдняў спрабаваў дамовіцца з арганізатарамі канцэрту ў Беластоку спачатку пра перанос на іншы дзень, пасля пра перанос на некалькі гадзінаў. Аднак дамовіцца не атрымалася – яны маюць свае абавязкі і кажуць, што гэта немагчыма, дадае Вольскі.
Таму артыст разглядае магчымасць тэлемоста.
«Я маю быць на сцэне а 17-й па Варшаве (18-я ў Беларусі). Выступіць у Мінску а 14-й, даехаць і перасекчы мяжу я проста не паспею. Разам з арганізатарамі свята каля Опернага мы абмяркоўвалі нават варыянт з гелікоптарам, але міжнароднага аэрапорту ў Беластоку няма, а з Варшавы ці Горадні даехаць ізноў не паспяваю. Таму я заспяваю ў Мінску ў варыянце тэлемоста. Адбудзецца прэзентацыя маёй песні, прысвечанай 100-годдзю абвяшчэння БНР», – піша спявак.
Ён таксама дадаў, што «шукае іншыя варыянты» выступіць у Беларусі.
Раней свой удзел у канцэрце пацвердзілі гурты Amaroka, Dzieciuki, «Крама» і спявак Пётра Клюеў.
Мінгарвыканкам дазволіў мітынг-канцэрт каля Опернага тэатру ў Менску 25 сакавіка, але без святочнага шэсця, правядзення якога дамагаецца Статкевіч і ягоныя паплечнікі.
Збор на «Свята Незалежнасці» запланаваны на 13:00, а сам канцэрт – а 14:00. Улады афіцыйна дазволілі выкарыстанне бел-чырвона-белых сцягоў і сімволікі з гербам Пагоня на свяце БНР.
Напярэдадні 25 сакавіка актывісты ладзяць шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных 100-годдзю БНР. 13 сакавіка ў Менску ўрачыста адкрылі памятны знак братам Луцкевічам, у Нацыянальным гістарычным музеі адкрылася выстава «1918: БНР — Ідэя. Край. Дзяржава. Крок да Незалежнасці», яна будзе працаваць да 7 траўня.
На правядзенне інфармацыйнай кампаніі #БНР100, арганізацыю творчых мерапрыемстваў і акцый ды святочнага канцэрта 25 сакавіка ўжо сабралі больш 30 тысяч рублёў.
Паводле belsat.eu